Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 61

К Акула

- Кажу, нi стаi голы на дварэ, бо прастынiш. Мала бяды? Трэба было на прывязi дзiржаць!

- А што з сабакам рабiць?

- Ды што-ж... iдзi во спаць, заўтра закапаеш.

Пра закопваньне Янук i ня думаў. Цяпер слова гэна станула перад iм у поўнай сваей брыдоце. Бачыў некалi, як ямы на могiлках засыпалi. Насыпаўшы надмагiльны гарбок, плёскалi рыдлёўкамi па глiне. Асаблiва ёмка й зручна рабiлi гэта каторыя мужчыны цi дзяцюкi, што ня першы раз гэту няўдзячную павiннасьць выконвалi. Цяпер гэна бацькава простае й шорсткае "закапаеш" выклiкала ў Януковым уяўленьнi жахлiвы вобраз. Шырокай, зьзяючай ад частага ўжываньня, рыдлёўкай яно плёснула па найбольш кволых i балючых мясцох Янукова сэрца. Новай хваляй пракацiўся плач. Хлапец кiнуўся да трупа сабакi, абняў яго й пачаў крычаць: - Нi дам! Тапсiк, мой мiленькi, што з табой зрабiлi?!

Яго сiлай пацягнулi ў хату.

Доўга трывала жахлiвая ноч.

"Трэба было на прывязi дзiржаць!" - гучэлi бацькавы словы. Позна. Чалавек пасьля бяды разумны. Але чаму гэта Тапсiка, а не якога Ромку?

Быццам у вадказ на гэта, дзесь здалёку з-пад балота даляцела вясёлае Ромкава гаўканьне. Цi здалося гэта? Бандыты, нечысьць! Адну найбольшую радасьць меў на сьвеце й цяпер яна ў нябыт адыйшла. Сьлёзам ня было супыну.

15

Дзед Якуб трымаўся абагрэтага кута, рэдка калi ад хаты адыходзiўся. Не таму, што жыцьцятрывалы патрыярх лiтоўскi сьветам цiкавiцца перастаў, а таму, што сьвет заглядаў у кут ягоны. Калi пагода добрая, сядзiць дзед на прызьбе, зь пiпькi дым самасеечны пацягвае. Iдзе каторы мужчына цi жанчына, затрымаецца, паздароўкаецца, дзедавым здароўем пацiкавiцца, апошнiмi навiнамi падзелiцца.

А навiнаў многа. На скрут галавы павярнула жыцьцёвае тэмпа. I якраз ня хто iншы, а сам дзед Якуб неяк у гутарцы параўнаў лiтоўскiя начоўкi й навакольле да спакойнага возера, што доўгi час межавала з загачаным суседнiм морам. Пакуль гацi трымалi мора, у возеры быў супакой, пладзiлася й плёхалася свая рыбная дробязь. Кагадзе новая сiла разбурыла гацi й магутнае мора ў гэнае лiтоўскае возера хлынула. Вялiкая рыба нетры вады ўскалыхнула. Свае дробныя акунi й плоткi, да ранейшае цiхаманi й ленага жыцьця прызвычаеныя, цяпер зьбянтэжылiся, адурманелi. Як хвалi бурлiвыя, выпадкi ўзялi борздае тэмпа. Дзед Якуб, каторы некалi паўстанцам Калiноўскага памагаў, не паглыбляўся ў гiсторыю й ня прыгадваў колькi разоў чужнiкi тыя ўяўныя гацi разбуралi, ды ў родныя вадзяныя глыбiнi чужыя кiты-пражоры наплывалi.

Цяперашняя чырвоная рыба насамперш за чыстку былай польскай адмiнiстрацыi й зямельных уласьнiкаў узялася. Навосьцеж адчынiлiся брамы ў маёнткi, фальваркi й асаднiцкiя гаспадаркi. Абiралi хутка, налётам. Чаго павезьцi цi панесьцi ня здолелi, тое тапталi паводле прыказкi: "сам нi гам, дык i другому нi дам". Рознае масьцi панкi й панi заклiкалi на дапамогу абедзьвюх Матак - Чанстахоўскую й Вострабрамскую, па начох рукi ў немачы ў модлах ламалi.

Быццам грыбы пасьля спорнага цёплага дажджу, паўставалi па вёсках камiтэты беднаты, забранае ў чужнiкоў дабро мiж найбяднейшых сялян разьмяркоўваць. Лiтоўскi камбед фармальна ачолiў найбольшы вясковы гультай, карцёжнiк i п'янiца Сымон Пятух. Фактычным рухавiком быў Лявом Шпунт. Увайшлi туды Макатунiшкi, шавец Пiлiп, Кмiты, Брунiськi дый яшчэ колькi, пераважна многадзетныя, што на двух цi трох гактараў бяду караталi.