Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 60

К Акула

- Так тебе, подлец! - пачуўся за вакном грубы голас. I рогат.

Жахлiвая думка падарвала Янука з ложку. Кiнуўся да вакна й прылiп носам да сьцюдзёнай шыбiны. Празь нiзка абвiслыя галiны рабiнаў, што расьлi перад ганкам, спасьцярог дзьве вайсковыя постацi, што йшлi ў доктараў двор.

- Тата, мусiць бальшавiкi Тапсiка застрэлiлi! - крыкнуў трывожна Янук i кiнуўся ў дзьверы.

Поўнiк вызiраў з-за хмараў i, быццам хлапцу на помач, млявым рудым сьвятлом разрэдзiў гушчу цемры. Янук пабачыў двух бальшавiкоў ужо за лекаравай брамай. А пад плотам, дрыгаючы ўсiм целам, цяжка хроп залiтым крывёй горлам, душыўся ягоны найлепшы сябра. Хлапец прысеў перад iм, узяўся за вушы. У рудых поўзакрытых вачох гасьлi апошнiя iскрынкi жыцьця.

Недзе зь вялiкай глыбiнi, як шырокая разьлiўная рака, прыйшоў плач. Хлынуў раптоўна, набiраў моцы, трос усiм Януковым целам. Гарачыя сьлёзы залiлi вочы. Хлапец намагаўся зiрнуць сабаку ў рот. Едкi смурод пораху зьмяшаўся са сьвежай крывёй.

У Бахмачовым уяўленьнi ажыў маленькi, забаўны шчанючок, каторага некалi ад шляхцюка з Галавачоў прынёс. Шчанюк абрастаў доўгай рудой поўсьцю, вырас вялiкiм, разумным сабакам. Вось ён гэйсае з хлапцом па Гараватцы, забаўна падскаквае й шырокiм, чырвоным языком лiзнуць Янукоў твар намагаецца. Вось ён на балоце гадзюку абнюхаў. Тая ўстала пагрозьлiвай дугой, шыпiць, пружыцца, а сабака аж заходзiцца браханьнем, як звар'яцелы мох дзярэ. Вось ён гаўкае на ваверку на хвоi ў Гаравацкай пушчы, лапамi разграбае нарасьць над магiльным камянём паўстанцаў, гонiць кароў, або тулiцца да яго ў цяньку бярозы на хутары Лазоўскага. Такога разумнага сабакi мусiць на сьвеце ня было.

Нiколi ўжо не зазьзяюць неабдымнай радасьцю пры сустрэчы з гаспадаром гэтыя любыя вочы, нiколi ня будуць бегаць зь iм па родных гонях i лясох гэтыя касматыя лапы й не махне забаўна на прывiтаньне даўгi пушысты хвост. У нябыт адплыла часьць Януковага сьвету. Хлапец падняў галаву й зiрнуў на бронзавы месяц. Вецер мусiць добра падмёў неба й сам на заслужаны адпачынак пайшоў. Месяц пазiраў на лiтоўскую лагчыну з поўнай сваей маестатычнай велiчы. Празь сьлёзы начны прыгажун крывiўся й мiтусiўся.

У адной кашулёнцы й споднiках, Янук зусiм не адчуваў сьцюжы. Нястрыманы плач калацiў грудзьмi й хлапец не спасьцярог за плячмi людзей, адно галасы пачуў. Нечая рука лягла на плячо.

- Лепi йдзi ў хату, бо прастынiш, - ласкава сказаў бацька.

Янук азiрнуўся. Побач бацькi, ззаду стаяў доктараў Стась i Мiкола.

- Дык гэта-ж, каб яго халера, забiў мусiць-ткi, - гаварыў Стась. - А каб на яго гром, каб яго зiмля нi насiла! Хто гэта?

Янук устаў, зiрнуў на сябру.

- Хто-ж... Бальшавiк пракляты!

- Байцы?

- Яны.

- От-жа нячысьцiкi, каб iх зiмля нi насiла! Такога добрага сабаку забiлi, - сьцьвердзiў доктараў сын.

Гэткi Стасеў камэнтар выклiкаў у Янука новую хвалю плачу й стрымаўся адно тады, як бацька за плячо страсануў.