Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 59

К Акула

- Табе мусiць дзiўчаты ў галаве. Ат, iдзi, - махнуў Пракоп рукой.

Доўга качаўся ў пасьцелi й ня мог заснуць Янук. У галаве блыталася-крыжавалася павуцiньне думак. Неяк на днях, нечакана сустрэўшы Дуню, выплыла наверх новае й неспадзяванае: школа. Дзяўчына казала, што быццам у Гацях бальшавiкi школу маюць адкрываць i цi не жадаў-бы Янук пайсьцi й даведаццапра навуку.

Ад часу, калi нямоглы бацька здаў на ягоныя слабыя плечы гаспадарку, думкi пра навуку на заднi плян адыйшлi. Адно ў марах часам сябе на школьнай лаўцы бачыў. Былi калiсьцi мроi пра перамену. Цяпер-жа яна прыйшла. На лепшае цi на горшае? Прага да навукi не змалела. Кажуць Французы, што апэтыт падчас яды расьце, а Янукова прага да ведаў нiколi ня спыняла росту. Калi Дуня згадвала пра школьную лаўку, аж млосна зрабiлася. Варта было-б новы сьвет пазнаць.

Памкнуўся нешта Дунi сказаць, зьбянтэжыўся, зачырванеўся. Завязаўся мiж iмi нейкi, Януку ня зусiм зразумелы вузел. Дзяўчынiна блiзкасьць i непасрэднасьць зьвязвала яму язык, забiрала волю. Бянтэжылi хлапца дапытлiвыя й добразычлiвыя вочы-васiлькi.

- Нi... нi знаю. Сама ведаеш як у нас...

Абмiнаў дзяўчынiн зрок, баяўся, што ўсё на ягоным твары вычытае. З аднаго боку спанукала нешта, каб душу перад сяброўкай раскрыць. А што будзе, калi пачнеш скардзiцца ды сьлiнькай выглядаць будзеш? Трэба трымацца, мужным быць. Дуня спасьцерагла, як гарэў Янукоў твар.

- Што з табой, Янучок? Чаму ты як бурак чырвоны зрабiўся? Часта нi пазнаю цябе.

Васiлькi больш дапытлiва й глыбей у твар пазiралi.

- Нi пытайся.

Янук адвярнуўся й раптоўна адыйшоў. Спачатку ногi непаслухмяныя былi. Мо вярнуцца й расказаць? А пра што раскажа? Пра мазылi й цяжкую працу? Аж здрыгануўся пры думцы такой. Прыгадаў далёкi той час, калi дзяўчыну ў школу нi пушчаў. Яна-ж горшая была. - А чаму-ж горшая яна? - пагрозьлiва вырасла на лясной сьцежцы высокая постаць дзядзькi Захарука.

Нешта ў нутры пякло. Цяпер "горшая" яму разам у школу iсьцi сулiла. Бачыш, як яно перавярнулася, зьмянiлася. Ды ў iх-жа цяпер у хаце дабра поўна, хоць i з камбеду нацяганага. А Пракоп Бахмач можа ў Сабакевiча на чорнай лiсьце запiсаны.

Ногi пайшлi раўней. Адно раз азiрнуўся. Дуня стаяла, сачыла за iм, мо спадзявалася, што вернецца.

На мяжы дрымоты, у той паласе, дзе смугой паволi зацягваецца сьведамасьць, прыгадалася тое нiкчэмнае зьбянтэжаньне. I зноў, здавалася, загарэўся чырваньню твар.

Вецер ацiхаў. Недзе на вулiцы пачулiся гулкiя, няроўныя галасы. Адзiн буянiў, iншы гарлапанiў нейкую няведамую "частушку". Вечарамi бальшавiкi да вясковых дзяўчат заглядалi й цяпер мусiць у Лiпавiчы вярталiся. Недзе прахапiўся й забрахаў Тапсiк.

Янук перавярнуўся на другi бок, глыбака ўдахнуў паветра й смачна пазяхнуў. Галасы за вокнамi ацiхлi ненадоўга. Мусiць iшлi iншыя, бо чуваць была гаворка. Тапсiк кiнуўся да весьнiчак i гулка забрахаў. Воддаль адклiкнуўся доктараў Мурзiк. Моцны дзёрзкi голас вылаяўся трохпавярховым матам. Гэта цi нi падбадзёрыла Янукова гадунца, бо аж заходзiўся ад браханьня. Гулкi стрэл скалануў паветра за вакном. Тапсiкаў голас раптоўна перамянiўся ў балючы енк, быццам душыўся сабака. Енк той, спачатку вельмi галасьлiвы, скора слабеў.