Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 29

К Акула

Згадаўшы Косьцiка, Бурак схамянуўся. Цяпер-жа сын пэўне начальнiкам нейкiм стане. Можа, дзякуючы яму, ўдасца лесу якi кавалак дастаць. Даўно думка пра собскую лазьню супакою не давала, ды на бярвеньне грошы шкадаваў.

Бурачыха ўстала з зэдлiка ды, быццам гатовая да скоку тыгрыцы, ўважна сачыла мужа. Здавалася, што вось неўзабаве кiнецца ды пачне рваць i тузаць. Вялiкiм хваляваньнем ускалыхалiся пад прыгожай, вышытай блакiтнымi васiлькамi, кужэльнай блюзкай тугiя грудзi. Басаногая, у зялёнай спаднiцы ў жоўтыя пасачкi, Нiна мела прыгожую, надта прапарцыянальную фiгуру, круглы лагодны падбародак, поўныя ружовыя вусны, просты, ледзь з намёкам на курносасьць, нос, вялiкiя, прывабнага адценю, вочы, шырокiя бровы й высакаваты, роўны лоб. У вачох iскрылiся пажадальныя аганькi. Кажны празорлiвы мужчына адразу спанатрыў-бы, што гэту прывабную жанчыну адным можна было толькi спатолiць.

Ведаў тое й Паўлюк. Але, - разважаў ён, - гулi з бабай у пасьцелi адно, а дзiця - што iншае. Празь дзiця Нiна старалася-б гаспадаркай авалодаць. Бязьдзетную можна каленам у зад i паслаць туды, адкуль прыйшла. Зусiм што iншае, калi-б мела дзiця ад яго. Хоць ня зломак, цяпер рабiць ня хоча, а тады й пагатове: у сваю хату страшна было-б паказацца.

Найбольш Паўлюку праца карцiла. Матрона некалi цэлую гаспадарку на сваiх худых плячох трымала, а гэтай жанчыне зусiм нi ў галаве тое. Яна адно ў меру, нiколi пры працы не папанатужыцца. Даўно прычыны Паўлюк шукаў. Другая цi раз ужо зь якiм дзяцюком зьнюхалася-б. Бурачысе-ж, зь ейным выглядам, адно вокам маргнi, дык дзесяцера на пачаканьнi стане. I каб так зрабiла, не завагаўся-б Паўлюк дзьверы ей паказаць. Дык-жа не, злыднiца гультайская, як-бы яе хто да хаты прывязаў, адно на яго насядае.

Гаварылi позiркамi. Гэткае разуменьне адзiн аднаго, як прыладжаная на час бомба, трымала iх у нэрвовым напружаньнi. Колькi разоў рупiла ўжо Нiне палюбоўнiка пашукаць. Адылi ведала, што стары Бурак адно чакаў гэтага, каб з хаты выгнаць. "Трасца табе, пацярплю. Жыць ня буду, калi цябе не перажыву," - думала жанчына.

- Багацьце! Якое багацьце? Ты нажыла можа? - ня сунiмаўся Бурак.

- На каго, на цябе рабiць буду? Даволi раблю. Глядзi якi ў мяне ў хаце парадак! - крыкнула Нiна й падмацавала свой аргумант адрывiстым жэстам рукi. Хата запраўды ад чысьцiнi зьзяла. На ложках - прыгожыя саматканыя дываны, на камодах - вышываныя накрываньнi. Весела сьвяцiлася чыстая жоўтая падлога, дбайлiвасьць гаспадынi вiдаць была й навокал печы.