Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 27

К Акула

Маленькiя ваконцы хаты давалi мала сьвятла звонку й Косьцiк, адчынiўшы дзьверы, не спасьцярог дзе ступiць. Ледзь не паляцеў з парогу тарчма на глiняную падлогу. У час спынiў на языку лаянку. Парнасьць i кiсьля ўдарыла ў нос. Дзяцюк разгледзiўся. Пры печы качаргой зграбала жар Алена. Апранутая ў старую памятую сукенку з закасанымi рукавамi, яе сумны твар у водсьвеце дагараючых вугалёў, адштурхiваў чалавека тупой, няпрыязнай, зрэзыгнаванай заўзятасьцю. На ўслонах сядзелi жанчыны, а напокуцi, на шырокай лаве, прыладжвалi цела нябожчыцы Пiлiпава Аксеня й Кмiтава Аўдоля. Побач на стале сквiрчэла й хлiпала на кноце вялiкай рудой сьвечкi даўгаватае полымя.

Некалi сьцены паабклейвалi "Кур'ерам Цодзенным" з тучным чырвоным загалоўкам. Цяпер зьнiзу ад падлогi да, вышынi як дзеткам рукамi дастаць, а над лавамi й куды вышэй, сьцены былi аголеныя, мясцамi пасмы газэты павырываныя былi аж да столi. Спамiж голых круглякоў павыскубвалi дзецi мох. За печчу на палу ляжалi пасьцелi й рызманы. На прыпечку, побач зь сiнiм змылкам, ляжалi мокрыя шматы й стаяла шэрая мяднiца з вадой. Чарада гаршкоў, глiняныя мiскi й iншы посуд падчыркiвалi агульны хаос.

Косьцiк пачмыхаў носам, пазiраў на Алену, ня ведаючы як гаворку пачаць. Гэтая галеча, што шчэрыла зубы з кажнага кута пакою, зусiм сапсавала вялiкi й энэргiчны ўздым, што ўзбуйнеў пры смачных разважаньнях пра будучыню свайго валоданьня на Гараватцы пад Архiпам.

- Ты сама дома? - спытаў Алену.

- А табе чаго? - буркнула жанчына. У шурпатым голасе ня было няпрыязьнi, адно змораная абыякавасьць. Гэтак гамоняць людзi ў беспрасьветнай тупой апатыi.

- Дык як гэта чаго? Памагчы-ж вам трэба.

- Ага...

Алена Макатунiшка ўпiлася ў Косьцiка тупымi вачмi, рукой выцерла спацелы лоб i цёмне пасма сажы дало ёй яшчэ больш няпрыветлiвы выгляд.

- На дварэ казалi мне, што Дуня пабегла па дзядзьку, а мацi па папа.

- Ага.

Жанчыны зь цiкавасьцю слухалi аднабочную гаворку, сачылi Сабакевiча.

- Дык што вам памагчы? - скроб Косьцiк у буйных валосах.

- Га? Нi знаю, сам глядзi.

Косьцiк страсануў галавой, пазiраў на прысутных жанчын. Маўчалi. Навет звычайна гаманлiвыя Аксеня й Аўдоля гэтым разам як на злосьць, каб табе слова. Зьбянтэжаны Сабакевiч, больш не марудзячы, асьцярожна ступiў на вялiкi плоскi камень ля парогу й адчынiў скрыпучыя дзьверы.

Каб у пару не спасьцярог, дык зьбiў-бы з ног старога Панаса, што з псалтырам пад пахай вырас на парозе. Гэткага спатканьня стары, вiдаць, не спадзяваўся. Стануў, як акамянелы, маргаў павекамi, а ў ягоных вачох прытаiлася насьцярожанасьць i няўцямнасьць. Чуў пра Буракова бязбожнiка-камунiсту шмат нядобрага. Жылiстая рука моцна сьцiснула псалтыр.

Соладка рабiлася на сэрцы старога Панаса, калi людзям у бядзе мог пасобiць, хоць i сам ня вельмi раскашаваўся ў шматдзетнай сыновай сям'i. Калi пачуў дзе пра вiзыту старой шчарбатай ведзьмы з касою, хрысьцiўся й голасна казаў: - Божачка, чаму-ж мяне ты й на гэты раз мiнуў? Пасьля браў свой добра патрапаны й абшмуляны псалтыр, ды сьпяшыў да сьвежай дамавiны. Шанавалi за гэта старога людзi. Рэдка калi хто яго прасiў, бо верылi, што Панас сам нейкiм чынам праведае i ў час зьявiцца ў хату.