Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 28

К Акула

Косьцiк зiрнуў на старога, памкнуўся нешта сказаць, але махнуў рукою.

8

- Ну дык ты йдзеш, цi ня йдзеш? Гэта ты за што ўзялася?

Паўлюк Бурак, яшчэ не зачынiўшы дзьвярэй, зь сяней навалiўся на жонку. Нiна Бурачыха сядзела на зэдлiку пры стале й часала свае прыгожыя каштанавыя валосы. Думала, што варта было-б нагрэць вады й памыць iх добра, але такi намер да заўтрашняга адлажыла. Не хацелася ў сьвятую нядзельку з сырымi дровамi вазiцца. Стары вурчэў i кiдаўся ў кленiчы, калi бралася за сухiя бярозавыя, што ў капцы на дрывотнi ля клецi ляжалi. У печы загадваў хворастам палiць, ды - адкуль яны ў яго бралiся? - шчапаў i сам валок у хату каб падсыхалi за ноч сыраватыя карчы.

I яшчэ думала Нiна Бурачыха пра бальшавiкоў, пра танкi на гасьцiнцы й пра нейкiя зьмены, што неўзабаве прыйдуць. Вярнуўшыся ад гэнай Косьцiкавай брамы, хацела была з мужам памяркаваць як яно й што будзе. Малагаманлiвы й бурклiвы Бурак i сяньня на словы скупiўся. Дзiва ня было-б, калi-б сын гадамi за гэту новую ўладу сьцен па вязьнiцах ня выцiраў. Мужчыны ня ладзiлi мiж сабою. Стары цi не зьбянтэжыўся, ня ведаў чаго цяпер спадзявацца. Прыйшоўшы дахаты, пасёрбаў капусты, зьеў камяк учарашняй паджаранай дранкi, ды адразу пачаў штылiць, каб памагаць бульбу перабiраць iшла.

Бульба ў горбе на таку ляжала. Перабiраньне - немалая й марудная праца. Кормную, малую як арэхi, для сьвiньней ссыпалi ў вадзiн катух, а емiнную - ў другi ў варыўнi. Некаторыя лiтоўскiя за бульбу яшчэ ня бралiся, а непаседлiваму Бураку i ў нядзелю да працы рупiла. Нiна ведала чаму Паўлюк не марудзiў. Пасьля бульбы зараз да апрацоўкi лёну гнаць будзе. I гэтак без канца. Навет сяньня, у такi нязвычайны дзень, стары злыдзень-скупiньдзя адпачыць не даваў. Iншыя ў вёсцы пазьбiралiся, гамоняць, час маюць. Каму як каму, а Бураку ўрону ня было-б, каб пасьвяткаваў. Але-ж, кажуць, ня йдзi за багатага, а йдзi за любага й разумнага.

Стол быў засланы прыгожым, вышытым рознаколернымi ўзорамi, настольнiкам. На аркушы шэрай паперы стаяла простакутнае, зьнятае са сьцяны люстра. Якраз калi Нiна разглядала свой твар у гэным люстэрку, расчэсвала валосы, ды думала пра пра ўсё новае, што сяньня ў вёску наплыло, Бурак дзьвярмi за сьпiной скрыпнуў. Кiпеў, вiдаць, бурчэў пры той бульбе, дый ня вытрымаў.

- Сказала, што нi пайду сягоньнiка. Iдзi ты, знаiш куды! - агрызнулася Бурачыха. - Куды гэта табе рупiць? У людзей, як у людзей, а ў цябе ўсё нiпалюдзку. От лёг-бы ды палiжаў...

- Каб ты лiжала ды нi ўстала! - усхадзiўся Бурак. - Мала во ранiцы ляжыш, сонца ў зад упрэцца, што дабудзiцца нi магу, дык мяне яшчо цягнiш. Мусiць i любiла-б толька, каб з табой лiжаў ды яшчо чаго добрага...

- Ну а чаму-ж не? Ня зломак-жа ты! Цi маю да каго чужога йсьцi, га? Нашто табе багацьце? На той сьвет забярэш?

Паўлюк спынiўся сярод пакою. Цяпер аглянуўся на дзьверы й крок назад зрабiў. Пра бульбу пачалося, а баба глядзi вунь куды павяла. Ведаў небясьпеку гэтай тэмы й высьцерагаўся яе, як агня. Колькi ўжо мазгi яму пра гэта напiлiла. Калi яе да мяжы давядзеш, дык з табою не пацацкаецца, а бярэ качалку, ды па галаве. Гэта не Матрона пакойная. Ложка асобнае сабе Паўлюк справiў. Не агледзеўся калi, жонка шмыг пад коўдру! Паспрабуй уцячы адтуль на печ, дык i там жыць нi дасьць. Звадак дарэмных ня шукаў. Думаў спачатку, што як Матрону ўезьдзiць. Не на тую трапiў. Ён рукой за падпругу, а яна за качаргу, ды так натаўкла, што пару тыдняў бакамi рабiў. Мала таго. Яшчэ па вёсцы разбарабанiла-разьнесла, людзям у вочы зiрнуць было сорамна. А навошта яму дзiцё тое, клопат на галаву? Пацехi нiякай, аднаго злыдня вунь выгадаваў...