Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 31

К Акула

- Памалу, памалу, нi тарапiся дружа мой! - сунiмаў Ромка Сабакевiч i нарэшце сабака рынуўся на дзяцюка. Штуршок ледзь яго з ног не звалiў. Стоячы на заднiх лапах, сабака ростам Косьцiку раўняўся. Шырокiм ружовым языком колькi разоў лiзнуў дзяцюка ў твар, як зручны акрабат адскочыў назад i, раптоўна адбiўшыся, зноў рынуў наперад. Гулкi радасны брэх пераклiкаўся ў нетрах суседняга балота.

Пры вакне ў хаце вырасла расчасаная галава мачыхi, а згумна выйшаў, каб пабачыць каго так аблюбаваў Ромак у дварэ, стары Бурак. Крыху пастаяў, ды рушыў на спатканьне сыну. Мачыха вуйшла з хаты й спынiлася на парозе сеняў.

- Ну давольна ўжэ, давольна! - стрымоўваў Косьцiк сабаку, трос вялiкую шэрую лапу, ды баранiўся ад чырвонага языка.

- Якi ты харошы, дружа мой... ды мусiць цябе на прывязi ўсё ўрэмя дзiржаць.

Ён адчапiў нашыйнiк ад ланцуга. Здабыўшы волю, Ромак высака падскочыў, напiсаў на пяску вялiкае паўкола, iмклiва кiнуўся за вароты. Пабрахаўшы зь вялiкае радасьцi, ўзяўся пiльна абнюхваць платы ды вуглы будынкаў. Вялiкi, ружовы язык вiсеў мiж белых клыкоў, а вочы пiльна сачылi гаспадара свайго.

- Вы гэта што, мусiць нiколi з прывязi яго нi спускаеце? - зьвярнуўся Косьцiк да бацькоў, што маўклiва з боку стаялi.

- Бываiць, спускаем. Гэта ён так цешыцца, бо цябе даўна ня вiдзiў, адказала Нiна.

Косьцiк ня прыгадваў, калi апошнi раз дома быў. Магчыма месяцаў шэсьць таму назад. Шпiгуны й палiцыя на пяткi наступалi, да старога Бурака часта "пагавэньдзiць" заходзiлi.

- Ну дык, мацi, давай цяперака хоць палюдзку прывiтаiмся, бо тамака на гасьцiнцы нi было як.

Пакуль Бахмачыха слова змагла сказаць, Косьцiк аблапiў яе памядзьвежаму, пацалаваў у вусны i ўважана, бессаромна разглядаў у твар.

- Алi-ж i пахарашэла ты, матухна мая! Нi праўда, бацька?

Паўлюк буркнуў сабе нешта пад носам, ды адвярнуўся.

- Iш ты якi! - усьмiхнулася ласкава Нiна, - бацька нi дагледзiць, дык сын хоць пагладзiць!

- Ты, бацька, што? Нi вiдзiш якую гэта харошую бабу маiш? Цi гэта вы можа пастараму яшчо ваюеце? Ну-ну! Я вас скора памiру!

Косьцiк не памахаў па настаўнiцку пальцам, ды поза й тон вылучалi яго як гаспадара. Бацькi чулiся як дзецi, на дрэнным учынку злоўленыя. Сын падыйшоў да бацькi й выцягнуў руку.

- Давай, бацька, паздароўкаемся. Як дзялiшкi?

- Ды от так...

- Сiчас ня буду ўжо па начах ад сышчыкаў хавацца, - хвалiўся Косьцiк. Сiчас я - хазяiн! З вамi буду часта вiдзiцца, парадкi наводзiць, так сказаць...

Паўлюк Бурак недаверлiва пазiраў на сына.

- Пэўня-ж начальнiкам нейкiм будзiш? - спытаў нясьмела.

- Пэўня-ж нi пастухом, - задзiрлiва адказаў Сабакевiч. - За што-ж я па цюрмах страдаў?

- Дык заходзь, Косьцiк, у хату. - запрашала мачыха. - Вiджу, што змучаны ты надта. Калi спаў? Прызнайся!

- Заўчорака, здаецца.

- Дык хадзi, хадзi! - узяла яго руку. - Пасьля нагаворымся. Можа табе есьцi зрабiць, цi што?

Пераступiлi парог. З кута сяней нясло пракiслай паранкай. Няёмка чуўся Паўлюк. Жонка й сын захоўвалiся так, быццам ня ён тут гаспадар. Косьцiк стаяў пасярод хаты й разглядаўся. Воляй цi не нацешыцца хацеў. Гэта ня тое, што раней: загляне ў хату, ды кажнага ценю й голасу баяцца трэба. Цяпер ён сам у гэтай хаце гаспадар. Раней цi пазьней i бацька ласкi нейкай у яго папросiць. Агледзеўшы хату, Сабакевiч сеў на пачэсным месцы ля стала. Быццам непажаданы вiзытар, бацька прымасьцiўся на канцы лавы. За дзьвярмi пачуўся сабачы пiск.