Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 26

К Акула

У дварэ кiнуў на прывiтаньне задрыпанае "здрасьця". Людзi глядзелi на нябрыты твар, пачырванелы шрам на лбе, мутныя вочы, расшпiлены паўсуконны шэры пiнжак, раськiданы чуб валасоў. Дзяцюк спынiўся, павольна агледзiў сабраную грамаду, ды рэзкiм голасам гаркнуў:

- Ну чаго паказелiлi вочы? Першы раз мяне вiдзiця, цi што?

Жанчыны пераглянулiся. У такой загадкавай сытуацыi нiхто ня ведаў як рэагаваць на Косьцiкавы словы. Прывязаны ля хлева Захарукоў конь касавурыўся на свайго гасппадара. Дзьве шэрыя курыцы разграбалi гной. У загарадзе церлася аб плот худая Макатунiшына карова. Пра яе, вiдаць, сяньня ўсе забылiся. З мужчын вясковых быў тут нязьменны ў сваiм выглядзе Захарук, Сымон Пятух са сьмярдзючай папяросiнай у зубах, ды Антось Дзяркач зь неадлучным кiем. Стаялi ля дзьвярэй у хату й Сабакевiч падыйшоў да iх.

- Што гэта тутака робiцца? - спытаў.

- От, праўду сказаць, нiчога, - адказаў Захарук. - Старая недзiка па Слабодзкага папа пабегла, а Дуня - сваяком наказаць. У хаце Алена з бабамi. Мы от гаварылi гэтта, што нiма з чаго дамавiну зрабiць, сам знаiш...

- Я бацьку папрашу, у яго дошкi далжны быць, - адказаў Косьцiк. - Ты кажаш, што старая па папа пабегла? Начорта поп той! Савецкая ўласьць папоў нi знаiць, от што! Параска за што галаву налажыла, як ты думаiш?

Косьцiк наўмысна падняў голас, каб iншыя чулi. I запраўды жанчыны вушы наставiлi.

- Я-ж... сам ведаеш, маё дзела гэтта збоку. Пахароны - дзела сямейнае, - адказаў Захарук. - Як яны хочуць... ды неяк нiпалюдзку яно было-б. А хто-ж Макатунiсе загадаiць?

- Як то хто? Той хто ўласьць маiць, дык той i загадаiць! - адрэзаў Косьцiк. - От паехаў Хвёдар iзь Лявонам да парцiйнага сакратара ў Гацi. Што той скажа зрабiць, тоя й будзiць.

- Ну рабiце-ж, воля ваша, - зварухнуў плячыма зьбянтэжаны такой рэзкасьцю Косьцiка Захарук. Выцягнуў бярозавую табакерку з горадзенкай i ўзяўся круцiць папяросiну.

- Дзядзька Захарук, - зьвярнуўся камунiст лагаднейшым тонам, - калi мой бацька дошак дасьць, дык возьмiцiся дамавiну зрабiць?

- Чаму-ж не. Некаму-ж трэба, сама ня зробiцца. Во Антось i Сымон памогуць мне.

Пры Захаруковых словах жвавей забегалi рудыя Пятуховы вочкi й карэлая рука выцягнула даўгi сьмярдзючы цыбук з роту.

- Дык гэтага-ж... я, знацца, нiколi такога нi рабiў... нi дам рады, адмаўляўся вясковы абiбок.

- Рубанак умеiш у руках дзiржаць? - спытаў Захарук.

- А калi ўмею, дык што?

- Цьвек малатком умееш убiць?

- Хто-ж ня ўмеiць...

- От вiдзiш, толька ахвоты трэба. Пэўне-ж яшчо й дошку пiлой можаш адрэзаць. А за хворму вазьмуся сам.

- Зробiм, нi сьвятыя гаршкi лепяць, - усьмiхнуўся Дзяркач.

- Добра тады, - сказаў Косьцiк - астаецца толька каго знайсьцi, каб яму выкапаў. Цяперака зайдуся паглядзець што ў хаце робiцца.

Падчас падпольнае працы давялося Косьцiку нязьлiчаныя парогi абiваць. Зжыўся з галечай, як iншы зь нялюбай мачыхай. Адылi дзьверы Макатунiшынай хаты адчыняў неахвотна. Каб ня тая ўяўная высокая плошча, на каторую паставiла яго "вызваленьне", на вяроўцы яго на гэтыя хаўтуры не прыцягнулi-б. Перад дзьвярмi на момант завагаўся, паволi нацiснуў клямку.