Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 167

К Акула

- Як добра папрацуiм i ўродзiць, дасьць Бог, дык будзiць i iм, i нам, казаў цi адзiн узмужнелы гаспадар.

- Нашто-ж тады было браць зямлю, каб на ей нi папрацаваць? А як забяруць усё, дык хто тады задарам працаваць для iх будзiць? - мяркаваў iншы.

Зьвезенае збожжа цi то саматугам, цi ў супалку ў гумнах малацiлi. I ня ўсьпелi каторыя зьвярнуць яшчэ пазычанага насеньня, як шырака адчынiлася прагавiтая лапа "вызвольнiка". Львiная доля сабранага плёну ў арганiзаваных карагодах хурманак, абавязкова з чырвоным сьцягам на пярэдняй, паехала на дзяржаўныя ссыпныя пункты. Лёзунгi над хурманкамi абвяшчалi: "Датэрмiнова выканаем план нарыхтовак дзяржаве!", "Збожжа дзяржаве!", "Да здравствует велiкiй..."

На ссыпным пункце ў Гацях маскаль з васпаватым тварам i чырвоным носам выдаваў адпаведныя квiты, дзе апроч колькасьцi прывезенага збожжа напiсана было й па колькi "руб" плацiлi за яго ў канторы сельсавету. Параўнаўшы цану, якую дзяржава плацiла за збожжа, з той цаной, што тая-ж самая дзяржава брала за гатовы хлеб у савiм "сельпо", людзям зь няўцямнасьцi прапорцыi цэнаў адбiрала мову. Адылi, калi парадзелi на дарогах хурманкi з пузатымi зрэбнымi й кужэльнымi мяхамiй чырвонымi сьцягамi ды лёзунгамi, а падаўжэлi на чыгунках цягнiкi, што валаклi народнае дабро ў "саюзную Гiрманiю", узрастаў на вёсках цiск, каб аддавалi "лiшкi мяса, збожжа, яек, малака, мёду й iншага дзяржаве"

Зьбянтэжаныя бальшавiцкаю нагласьцю, спрацаваныя сяляне сьпяшылi цяпер у сельсавет, дзе на прамiласьць боскую прасiлi, каб забралi назад дараваную iм зямлю. "Народная ўласьць", каторая, здавалася, ад самага памятнага дня "вызваленьня" мела адну мэту свайго iснаваньня, - напярэймы бегла дапамагаць сялянам, - цяпер быццам зьдзiчэла.

Дападлiвыя й пранырлiвыя спанатрылi, што баромэтрам новых парадкаў быў ня хто iншы, як свае-ж собскiя атожалкi, Сабакевiч i Шпунт, перадусiм першы.

- Глядзiце на Ромкавага гаспадара. Як ён галаву нiзка дзержыць, дык нам лепi будзiць, а як паднiмаiць яе дык нам тады хоць ты бакамi рабi, гаварыў, аглядаючыся пераз плячо, Антось Дзяркач.

У той час, калi валачылi на дарогах "нарыхтоўкi дзяржаве", высака трымаў Сабакевiч Косьцiк сваю галаву. У вадзiн вечар на твары Косьцiкавага бацькi Паўлюка загаспадарылi сьвежыя сiнякi. Таленавiты сын прывёў да бацькавае клецi вызначаныя сельсаветам хурманкi, што забралi "лiшкi збожжа дзяржаве".

Наконт крыку й ляманту, што адбываўся пасьля ў Паўлюковай хаце, дый наконт яўнага Косьцiкавага доказу адданасьцi ўладзе, а не свайму бацьку, доўга ня сьцiхалi Лiтоўцы. I ўжо тады, робячы выснавы, нейкi нядошлы патрыёт былай "моцарствовай" заўважыў: - Казалi Палякi, калi iх вывозiлi, каб ня цешылiся зь iхнай бяды. I праўда. Паглядзiце навакол сябе: калi так сын бацьку робiць, дык чакай чалавек дабра якога...

Позная восень назаляла зяблым дажджом, нiзкiмi хмарамi, абрыдзелымi ўраднiкамi, палiтрукамi, доўгiмi сходамi ў школе. На сходах, каторыя чамусьцi бальшавiкi называлi "мiцiнгамi", як правiла, насамперш прыгадваў "сiсьцему" ды чытаў лiсту падаткаў, культналогаў, розных "лiшак", што мясцовыя сяляне вiнаваты былi дзяржаве, ведамы нам фiнагент Скарутовiч. Уступ гэткi можна было назваць зьмякчэньнем, або зацьвярдзеньнем прысутных, у залежнасьцi зь якога боку на гэта глядзець. Дзяржава, што звычайна раскашэльвалася за сталом "праўленьня" ў асобах фiнагента Скаруповiча, Шпунта, Сабакевiча дый яшчэ аднаго прадстаўнiка зь сельсавету цi раёну, уважала сход зьмякчэньнем кандыдатаў на вяршыню савецкага дабрабыту, - у калгас. У галовах бальшынi лiтоўскiх людзей, лiк якiх на сходах паступова малеў, адбываўся працэс супрацьлеглы пажаданаму ўладамi.