Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 169

К Акула

Цяжка было веры даць. Праз голас прабiвалася лагоднасьць, а на твары са шрамам на лбе прасмыкнула нешта наводля зычлiвае ўсьмешкi. Адсутнiчала казённае "таварышч". Пакуль Ромкаў гаспадар ступiў на парог, за сталом панавала лёгкая й непасьпешлiвая вольнасьць, лагоднасьць. Гэта быў той пэрыяд дня, калi чалавек зрабiўшы першы крок у гаспадарцы, спыняецца й бязь нiякае прынукi разважае пра наступнае. Сабакевiчава прысутнасьць, загадкавасьць ягоных адносiнаў, таго цяжарнага "пабяседаваць", нагальванiзавала Бахмачову сям'ю й напружаньне перайшло аж на спажываньне аладак. Кот голасна замяўкаў пад сталом, пацёрся аб Мiколаву нагу й хлапец злосна кiнуў у яго аладкай.

- Адчапiся во! - сыкнуў.

Кот пачаў есьцi аладку ля сьцяны.

- Пекнага ката маiце, - сказаў Косьцiк.

На тварах Бахмачоў зьявiлася зьдзiўленьне. Перш Косьцiк хвалiў хлопцаў, цяпер-жа ката. А што далей?

- Ну што чуваць, Пракоп? - прыязна, з выразным намаганьнем гаварыў Сабакевiч.

- Нiчога от, сам знаiш, - буркнуў Пракоп, спадылба пазiраючы на Косьцiка. Напокуцi нямым выклiкам вiсеў абраз Сьвятой Прадславы Апрасiньнi з пабiтым шклом.

- Здароўе як? - пытаўся далей Сабакевiч.

- Эт... дзяржуся, - неахвотна адказаў Бахмач.

Наступiла доўгае й нязручнае маўчаньне. Пракопу здавалася, што Косьцiк намагаўся нейкiм чынам да яго ў ласку ўбiцца. Калi так, дык ён, Пракоп, быў Сабакевiчу патрэбны й хоць вялiкая цiкавасьць спанукала Бахмача, каб памагчы Косьцiку разьвязаць язык, прыгадаўшы ранейшае, насьцярожыўся й сачыў.

- Зайшоў-жа я во, панiмаiш, праведаць што случылась, чаму на мiцiнгу ня быў, - сказаў Сабакевiч.

Сьнеданьне кончылася. Бахмачы сядзелi ля стала й нiхто нiкуды не сьпяшыўся. Пракоп аблiзаў вусны, забаўляўся з вусамi ды чакаў што далей будзе гаварыць Сабакевiч.

- Панiмаiш... канечня нiбальшая бiда, што ня быў, ну ўсяк бываiць, случай якi то...

Косьцiк спынiўся, мяркаваў.

- Цi гэта так важна, што я ня быў? - азваўся Пракоп. - Бiзь мяне нi абыйшлося тамака?

Сабакевiч падумаў, уважна зiрнуў Пракопу ў вочы.

- Я-б сказаў, очынь важна. Сам знаiш: калхоз нам у дзярэўнi нужна залажыць. Бiз калхоза, - сам вiдзiш, - людзi рады нi дадуць. Хацелi зямлю. Наце вам, дала савецкая ўласьць. Ну й што пасьля таго? Сам знаiш, дажа налогаў гасударству ня могуць уплацiць. А ў калхозе пра налогi ня трэба будзiць i думаць.

- А хто-ж iх заплацiць? - цiха спытаў Пракоп.

- Ну як гэта хто? - крыўдным голасам адказаў Сабакевiч. - Опшчая гэта ўсё, панiмаiш, стала быць аб налогах нечага забоцiцца. Калхоз налогi заплоцiць.

На языку ў Пракопа вiсела ўжо наступнае пытаньне, але стрымаўся. Ня верыў-жа ён, што Косьцiк прыйшоў у хату яго, ласкавын i дабразычлiвым намагаўся быць адно таму, каб пра даброты калгасаў расказаць.

- Ты панiмаiш, Пракоп, мне нiясна чаму гэта нашыя людзi ў калхозы баяцца йсьцi. Канечня, некаторыя гавораць, што ўражая агiтацыя вядзецца. Думаю, што ёсьцiка там доля праўды, ну нi саўсем гэта правiльна. Есьлi-б я сваiх людзей нi знаў, ну знаю iх як аблупленых... Розум у iх ёсьць i есьлi яны ўжо ўвiдзяць удобства, каб пайсьцi ў калхозы, так памоему нiякая ўражая агiтацыя iх нi задзержыць. А ўдобства пайсьцi ў калхозы ўсiм вiдны. Таму й нi панiмаю чаму задзержка...