Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 165

К Акула

Здавалася, што пасьля сiбiрскай зiмы зямля й сонца натужвалi ўсе свае жыцьцядайныя сiлы, каб адрабiць i паправiць тое, што зглумiў мароз. Людзi спачатку варажылi на двое, але калi поўнасьцю азелянiлiся лясы, прыбраўся ў лiстоту гiгант Архiп, за гумнамi зьдзеклiва чарнелi сады. Хiба адно сьляпому ня вiдаць было, што мароз непапраўную шкоду прынёс. Пракоп з жахам спасьцярог, што вымерзла бальшыня яго пчол, а тых пару сем'яў, што выжылi, падкармлiваць трэба было. Са сьлязьмi на вачох злосна вылаяў Бахмач таго маскаля-перапiшчыка, што сьпiсаў ня толькi тады яшчэ поўныя, але й пустыя вульлi.

Трымалася цёплая пагода, надыходзiла лета. Прагожа ўзбуйнела на Пракопавай лiпавiцкай дзялцы пшанiца, весялiўся бульбоўнiк, усьмiхаўся лён, авёс i ячмень. I часта хадзiў любавацца-цешыцца новым пярэстым хутарам Бахмач. Хадзiў да таго часу, пакуль ня прыйшлi падатковыя наказы. Прынёс iх у хату цяпер малагаманлiвы Лявон Шпунт. Яго й Косьцiка недзе пасьля Вялiкадня адпусьцiлi. Ромкаў гаспадар месяцы два ў Вялейцы на нейкiх, як казалi, важных курсах затрымаўся. Вярнуўшыся, працаваў у раёне нi то сакратаром, нiто кнiгаводам. Казалi, што неўзабаве арганiзацыяй калгасаў манiцца заняцца. Лявон-жа ў гацкiм сельсавеце служыў.

Пасьля атрыманьня наказаў, пачалiся ў Лiтоўцах абмеркаваньнi падаткаў. Справа ў тым, што вышыня iх перарасла ўгадкi найбольш сьмелых фантазёраў. Ужо нашто асьцерагаўся каб лiшняга не сказаць, пасьля арышту ў Гацкiм НКВД Антось Дзяркач, дый той цяпер рот адчынiў.

- Скажу вам, братцы, чаму цяперака па дваццаць пудоў жыта ад актара плацiць будзеце, - тлумачыў Антось. - Бальшавiкi як загадаюць, каб яна вырасла ды ўрадзiла, дык i вырасьцiць, i ўродзiць, ня дзе яно дзенецца. Так як яно ў iх там за гранiцай усё вырастаiць. Ня чулi, можа? Гэта-ж во прыйшоў раз адзiн баец да мужыка. Разгаварылiся. Той яму сваiмi пчоламi захацеў пахвалiцца, дык баец i кажа: - Знаеце што? От у нас пчолы, бальшушчыя, як у вас вераб'i, нi раўнуюючы! Мужык разявiў рот i думаiць сабе, што як гэта такiя вялiкiя пчолы могуць быць... Нячуванае... Ён i пытаiцца байца: - Ну скажыце, пажаласна, калi ў вас пчолы такiя вялiкiя, дык як яны ў вуль праз такую малую лётку ўлезуць? А баец яму ў вадказ: - Чудак ты, мiлый мой, канешня што ўлезуць. Пiшчаць да лезуць!