Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 166

К Акула

На зьмярканьнi ў нядзелю дзецi ганялiся за травеньскiмi хрушчамi, што насядалi на дзьве пышныя рабiны перад Алесявай хатай. У лiпавiцкiм бары голасна кукавала зязюля. Мужчыны сядзелi на лавачцы ля тыну й гаварылi.

- I ўсе так гавораць, што гэткiх падаткаў, цi, як яны называюць, налогаў ня будзiць як выплацiць. Хоць ты ўсё аддай, а рады не дасi. Як быць? - казаў Алесь.

- I навыдумлялi-ж... то пазямельныя, то падаходныя, то iншыя чартоўскiя, а цяперака яшчо нейкi кульналог, а грашовыя наверх, мусiць. Што гэта робiцца? - мяркаваў Пракоп.

- Я гэттака, швагрок, падазраю нешта, - сказаў Алесь.

- Ну што?

- Ты-ж толька сваiм здаровым розумам падумай: цi-ж яны нi знаюць, што нiкому такiя падаткi нi пад сiлу? А калi так, дык навошта гэтак робiцца?

- Кажы, што думаеш, - спанукаў Пракоп.

- Памоему яно ўсё з думкай робiцца. Калi людзi ня будуць магчы выплацiць, - а гэта саўсiм ясна, што нiхто рады нi дасьць, - дык тады пачнуць кiдаць тыя зямельныя надзелы з панскага. Праўда, цi не?

- Можа, - буркнуў Пракоп.

- Згода. Людзi, значыцца, пачнуць адмахвацца ад зямлi як чорт ад вады сьвянцонай. Бальшавiкi тады скажуць, што, маўляў, зямлi вам далi колькi вы хацелi, а вы ня ўмелi яе апрацаваць i падаткаў не плацiце. Значыцца, гледячы бальшавiцкiмi вачамi, дзе прычына?

- Ну як табе сказаць... цi ня людзi вiнаватыя...

- Во, во, так i скажуць. Ну а калi так, дык да чаго гэта вядзець? працягваў Алесь.

- Да калхозаў, думаеш?

- Ну а да чаго-ж, калi нi да калхозаў? Значыцца, скажуць, што вы гаспадарыць ня ўмееце, дык хадзiце ў калхозы, мы вас, братцы, навучым. От як! - заключыў Алесь.

- Нячыстая сiла! - сказаў злосна Пракоп.

- Няўжо-ж чыстая... От возьмуць цябе ў свае рукi й ня пiкнiш, брацiц. Хоцькi-няхоцькi, а ў калхоз пойдзiш, як мiлiнькi.

Пракоп пацерабiў за шыяй i доўга, упарта глядзеў швагру ў вочы. У лiпавiцкiм бары спынiла сваё кукаваньне зязюля.

- Верыць ня хочацца. Дзе-ж iх галовы? Як у людзей ня будзiць нiчога, дык i ў iх тады фiга будзiць начаваць...

- Гэта так, на розум бяручы дык трэба пагадзiцца, - згадзiўся Алесь, што калi будзiць у людзей, дык будзiць i ў дзiржавы. Алi-ж тутака вер ты гэтаму чорту й ня вер. От паглядзi ўжо як пачалi гаспадарыць. Абяцалi насеньня даць. А далi?

- Нi было чаго, мусiць.

- А тое, што пазабiралi з маёнткаў, ад асаднiкаў, дык дзе яно падзелася.

- Мусiць сабе ў свой саюз завязьлi.

- Ну дык от, значыцца... Калi ў iх тамака так добра, такi рай, як кажуць, усяго ўволю, дык нашто iм наша? Мусiць хрэн там у iх, галота адна, во...

37

Дападлiвыя й пранырлiвыя прасачылi як першапачатковая лагодная ўсьмешка "народнае ўлады" зьмянiлася на грымасу, а ўжо пасьля цi раз сьцiналiся вусны й шчэрылiся зубы. Працавiты селянiн лiтоўскi моцна натужваў свае мускулы, шчодрым потам палiваў сваю дзялку. Вера ў даброты людзкiя й боскiя трымала верх над кашмарам прынесенай чужнiкамi злыбяды й таму салодкiм быў пот i стомленасьць на новай зямлi.