Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 168

К Акула

Зазiмак сыпнуў сьвежым, дробным сьнегам. Дагледзеўшы сваю сьцiплую гаспадарку, Пракоп прычынiў вароты ў гумно, думаў, што на зiму варта было-б сабаку мець. Калi пойдзе сьцюжа наводля леташняй, могуць падкапацца пад хлеў ваўкi й выцягнуць дзьве авечкi, што на расплод трымаў. Задуманы, пасьпяшыў у хату, дзе Мiкола сьнеданьне рыхтаваў. Паволi выцер за дзьвярмi боты, увайшоўшы ў хату ўзяўся рукi мыць.

- Зiма ўжо, мусiць, возьмiцца, - сказаў.

Мiкола зiрнуў на бацьку, дастаў зь печы аладкi, ўзяўся падаваць на стол, ля якога сядзеў Янук.

- Паедзiш, тата, сёлета ў Пiрасечана? - спытаў малодшы Бахмач.

Бацька няўцямна зiрнуў на сыма.

- Ты што, кепiкi робiш зь мяне? На кiм гэта паеду?

У бацькавым голасе прасмыкнула нотка горычы, прыгадалася зьняважлiвае панiжэньне на тым сходзе, дзе Захаруку так званую прэмiю далi. Кот мяўкаў пад сталом, калi Бахмачы ўзялiся спажываць аладкi з мачанкаю. У гэны момант пачулiся за дзьвярмi крокi.

- А гэта-ж хто так рана?

Адчынiлiся дзьверы й на парозе зьявiўся Косьцiк Сабакевiч. Апрануты ў чырвоны, вышываны нацыянальнымi ўзорамi сьпераду кажушок, сiнiя савецкiя галiфэ порткi, чорную шапку астраханку, блiскучыя хромавыя боцiкi, дзяцюк высака трымаў галаву й глядзеў проста ў вочы. Адно хуткае й зыркае вока магло спасьцерагчы, што адсутнiчаў у Косьцiкавых шэрых вачох зласьлiвы аганёк.

- Здароў, Пракоп, Мiкола, Янук! - прывiтаўся голасна. - Можна зайсьцi?

Гучэла гэта нiякавата. Груба-шурпаты голас прызвычаiўся загадваць i не спадарожнiчала яму лагоднасьць. Пракоп глядзеў на арганiзатара калгасаў зь няўцямнасьцю, аладка з мачанкай спынiлася на паўдарозе ў рот. Зьбянтэжаныя сыны пазiралi то на бацьку, то на Косьцiка.

- Ды ўжо-ж заходзь, - адказаў Пракоп.

- Пекных сыноў маiш, Пракоп, - сказаў Сабакевiч, сядаючы воддаль ад стала на зэдлiку ля сьцяны.

Працэс спажываньня аладак зноў спынiўся на пару часiнаў. Сыны зiрнуллi на бацьку, пасьля на Косьцiка. Пракоп-жа адно пазiраў на прыйшоўшага.

- Прабач во, што нiма чым пачаставаць, - сказаў Пракоп.

- Нiчога, дзякую, я заўтракаў, - адказаў дзяцюк.

- Калi, гэта самае, ходзiш за якiмi лiшкамi, цi тым, - як яго чэрцi завуць? - кулем, цi яшчо якой трасцай, дык можаш мой парог мiнуць, бо нiчога ў мяне нiма. Калi-ж...

- Да нет, Пракоп, я не за тым. От пабяседаваць зайшоўся да толька таво, - паясьнiў Сабакевiч.