Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 123

К Акула

- Як ты гэта... алi-ж разява! Глянь, даганяюць, скарэй!

Мiгам згрэблi раськiданыя сшыткi й кнiжкi й кiнулiся далей. Дабегшы да вагонаў, шмыгнулi пад буфары. Вартавыя спынiлiся. На другiм баку вагонаў пабачылi воддаль чалавека ў чорнай вопратцы.

- Скарэй, скарэй iдзём, тутака, мусiць, няможна, - спанукала Дуня.

- У баку балiць, - скардзiўся Янук.

- Пасьля стагнаць будзеш. Iдзём!

Януку нiякавата было, што дзяўчына яго спанукала. Каб ня гэты даўгi армяк, можа ня ўпаў-бы. Азiраючыся па-бакох, яны пралазiлi мiж вагонаў. Глянулi назад. Там нiкога ня было. Вартавыя вярнулiся, мусiць да стогнучых людзей. Цяпер Дуня выпрасталася.

- Ууу-ух, Янучок, дай адсапнуцца. Алi-ж i нагналi страху, каб iх халера!

Дзяўчына паправiла кажушок, нацягнула на вушы шапачку.

- Алi-ж i мароз бярэцца, - сказала.

Рухам i гоманам жыла станцыя. Юнакi ўзялi дарогу лявей, туды, дзе на абочыне стаяў даўгi ланцуг пасажырных вагонаў. Яшчэ затрымалiся, зiрнулi на вакзал. Там кiшэў, пружыўся мускуламi, топаў ботамi людзкi мурашнiк у зялёным. Збоку, у вялiкай будцы, нядаўна з дошак ля станцыi збудаванай, дымiла кухня, браджэлi кацялкi. З усходу ўкацiўся, скрыпнуў тармазамi, адсапнуўся вялiкай чорнай лёкаматывай цягнiк. Даў кароткi, сiпаты гудок i спынiўся. Лязнулi буфары. Быццам бульба са скрыняў, высыпала з вагонаў войска. Недзе ў тым вэрхале захлiпаўся-рыгаў баян. Ля будынку вакзалу ярчэлi сьветлы. На шэрай сьцяне, пад выцьвiлым напiсам ГАЦI, даўгое, бруднае, сажай зачарнелае палатно апавяшчала:

ДА ЗДРАВСТВУЕТ ТОВАРИЩ СТАЛИН

ОСВОБОДИТЕЛЬ ЗАПАДНОЙ БЕЛОРУССИИ!

28

У канцавым пасажырным вагоне на бочнай чыгунцы навосьцеж адчыненыя стаялi дзьверы. Адтуль вылятала надвор сьмяцьцё. Паказаўся да паловы зношаны камель мятлы, ногi ў брудных чаравiках-шчыблетах, а наапошку вырасла ў квяцiстым, карэлым, шырокiм хвартуху таўстая сярэдзiна, вялiкiя грудзi й твар-месяц. Навокал месяца спаўзалi даўгiя, незачэсаныя, цемнаватыя касмылi.

- Глядзi, Дуня, Манька во... падмятаiць, - таўхануў Янук сяброўку.

- Дзе?

- А вунь там.

- Пiрапечка, ха-ха-ха! - зарагатала Дуня.

Яны падыйшлi да вагону. Пабачылi шырака адчынены рот, наiўна-дабратлiвую, простую, аж шкадаваньне выклiкаючую ўсьмешку, дый нейкую асаблiвую прапорцыю ў тулаве. Цэлы-суцэльны мякiш. Мятла абаперлася аб сьцяну вагону, лёгка скалыхнулiся вялiкiя грудзi.

- А чаго-ж вы гэттака швэндаiцеся?

Голас, што нiзкiм альтам вылез з глыбiнi мякiшу, дапоўнiў дзiвоснасьць гэтай нязвычайнай iстоты. Для гацкай станцыi Манька была тым, чым Жыдоўка Габiха для мястэчкавага рынку. Габiшына крамаў клiне вулiц Глыбоцкай i Докшыцкай раскашэлiлася. Прыгрэе, бывала, сонца. Пульхная Габiха на лаўцы перад крамай старожыць, кажнага падарожнага на канi на сваей двойцы аклiкне.

- Што нi паедзеш на рынак дык ў таўстую Габiху, як у добрую пуню ўпрэшся, - жартавалi людзi. I не ўяўлялi бяз Габiхi гацкага рынку, так як ня было станцыi бяз Манькi Пiрапечкi.

Хто й калi яе Пiрапечкай ахрысьцiў? Казалi, што некалi ў адной панi "каляяжыхi" служанкай была. Калi-ж панiн сынок у "хамчыны" дзявочыя тайнiцы паспрабаваў заглянуць, вылупцавала "каляяжыха" дзяўчыну й дзьверы паказала. Казалi...