Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 124

К Акула

Выводзiлася Манька зь сям'i найменш папулярнага й найбольш неабходнага ў Гацях чалавека, што зь вялiзнай рудой бочкай ва ўсе гацкiя прыбiральнi заглядаў i якога васьмёхлiтарнай мянушкай клiкалi. У самы захаднiм хвасьце мястэчка, у трухлявенькай хаце жыў. Калi ягоны шыроказады, пародзiсты бэльгiйскi гняды тую вялiкую бочку па каторай гацкай вулiцы цягнуў, выглядалi людзi здалёк, цi ня плёхла зь яе, абыходзiлi й аб'яжджалi яго, а перад прыходам "вызвольнiкаў" палiцыя загадала адно за агародамi езьдзiць, на вулiцах зусiм не паказвацца.

I апроч гэнай васьмёхлiтарнай мянушкi цi вядаў хто як завецца чалавек. Казалi, што пасьля першай "каляяжыхi" Манька ў iншых паноў i падпанкаў хаты прыбiрала, а пасьля на станцыю прыбiлася. Ад няпамятных, здаецца, часоў, была яна гэтта пад рукою, так яна так як гэна абшмулянае крэсла ў чакальнi, цi той рыначны плот, ля якога каней прывязвалi. Як той бяздомны цюцька, што iснаваў, здаецца, каб на яго тукнуць-гукнуць, гэтак i Манька. Казалi, што быццам некалi чатыры клясы прабэкала-прамэкала. Кажнаму на сустрэчу шырака рот адчыняла, ласкавае якое слова пачуць хацела, а зь яе сьмяялiся, у найлепшым выпадку зь лiтасьцю пазiралi.

Пайшла Манька ў моду, калi "вызвольнiкi" прыйшлi. Калi якi цягнiк, бывала, на станцыю прыходзiць, стаiць грудзi выпяцiўшы, быццам на прывiтаньне, Манька, круглымi вачамi лыпае, месяц-твар усьмешкай расплываецца. Расказваў нейкi мястэчкавы жартаўнiк: - Знаеш, гэта самае, уiжджаiць на гацкую станцыю поiзд i глядзiць здалёку, што Манька пiрад вакзалам стаiць. Крычыць тады, гэта самае, качагар машынiсту: Пазры, Ванька, унь барышня, сматры за цыцку паравозам нi зачапiся!

Натура Маньчына, як у сук уляпiў, да новых парадкаў пасавала. Думаць зусiм ня трэба было, усё прасьцюсенька й ясна. Поўнымi вялiкiмi грудзьмi чэрпала дзеўка паветра "асвабаждзеньня". Казалi людзi, каторыя ведалi, што Манька напралом у авангард адданых Сталiну "трудзяшчыхся" улiлася, ды ў сажалцы сталiнскай "народнай улады" як павярткая-крутая рыбка плёхалася. Iншыя-ж асалоду дэталяў смакавалi й цьвердзiлi, што працэс Маньчынага ўлiцьця ў Сосаву калатушку не такiм прасьцюсенькiм быў. Аблюбавалi, быццам, сваецкiя жаўнеры Маньчын мякiш. Ня перабольшвалi, мусiць, языкi людзкiя. Вядома-ж было, што Манька нiколi кавалера ня мела. Як-жа тады ей напярэймы гэнаму жыватворчаму "вызвольнаму" духу нi пайсьцi? Дый цi толькi духу?

Калi першыя кантаватасьцi "вызваленьня" абгладзiлiся, калi народ пачаў найясьнейшую пад сонцам ды найбольш сьветлую сталiнскую канстытуцыю практыкаваць, за выбарамi ў "народны сход западнай Бiларусii" прыйшла чарга на выбары ў гэтак званы "савет дзiпутатаў трудзяшчыхся беларускай савецкай сацыялiсьцiчаскай распублiкi". Побач зь iншымi партрэтамi й плякатамi, каторыя абляпiлi гацкiя платы й сьцены, зьявiўся круглы месяц Манькi Пiрапечкi. Напiс на плякаце заклiкаў: "Галасуйце за выдатнейшых людзей, перадавых прадстаўнiкоў рабочых i сялян, камунiстаў i беспартыйных. Марыя Iванаўна Кукiшка, кандыдат ад акругi х..."