Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 122

К Акула

- Якiя людзi?

- Адкуль мне знаць... Во слухай!

Стогны й енкi то мацнелi, то слабелi. А праз тое жудаснае нясугалосьсе прабiвася кашаль, хрыпата. Гэтак маглi галасiць адно зусiм зьняможаныя ў роспачы людзi. Заварожаныя такой несамавiтай загадкай, юнакi анямелi, замянiлiся ў слых i зрок. Усе вагоны былi таварныя. Звалi iх, - Янук гэта чуў, - цяплушкамi. У такiх сама Чырвоная Армiя езьдзiла. З даху кожнага вагону тарчэў комiн i дым валiў часамi. Праз адчыненыя дзьверы спасьцярог аднойчы Янук чыгунную печку, у якой весела хлiпаў агонь.

Адылi ў гэтых "цяплушках" ня вiдаць было зьверху нi комiнаў, нi дыму. А калi так то ня было ў сярэдзiне й печак. Iх назваць трэба было-б не цяплушкамi, а можа халадушкамi. I як людзi тыя ў сярэдзiне сьцюдзёных вагонаў такiя лютыя маразы вытрымоўваюць? Нiколi ня чулi юнакi такiх стогнаў i енкаў. Нейкiм дысанансам у гэна стогнучае мора ўлiўся кволы дзiцячы галасок. Пярхiкнуў i суняўся...

- Гэта страшна! - жахнулася Дуня. - Што гэта такое, Янук? Хто гэтыя людзi й чаму iх дзержаць?

Яна прыхiлiлася да Бахмача, яе рука моцна сьцiснула Янукова плячо. Янук зiрнуў на пунсовы тварык. Заклапочаныя васiлькi пазiралi вялiкiм, трывожным пытальнiкам. Вартавыя ў круглух шапках, даўгiх шыналях, са штыкамi на стрэльбах, хадзiлi навокал i ўздоўж вагонаў. Адзiн вёў на павадку сабаку ваўчара. I здалося Януку, што з крайняга вагону, з таго маленькага ваконца ўверсе, што пад страхой, вылазiлi рукi. Кастлявыя, сiнiя. Разьгiналiся й корчылiся пальцы. Рукi, - было iх некалькi, - намагалiся вылезьцi як найдалей з вагону, але нешта iх трымала.

- Па-а-а-мiлуй... пааа-мi-i-i!

Нехта прасiў лiтасьцi, адно слова зьняможаным, шурпатым голасам паўтараў. Раптам моцна забрахаў сабака. Да крайняга вагону падыйшоў вартавы, у правэй руцэ трымаў павадок, на каторым тузаўся, аж прысядаў ад хрыпаты вялiкi, буры ваўчар. Вартавы пазiраў у гэты бок i нешта крычаў. Пакуль юнакi спасьцераглi, што гэны крык да iх адносiцца, побач таго першага спынiлiся яшчэ два. Вартавы паказаў сюды рукой i нешта сябром гаварыў. Адзiн зь iх схапiў сабаку i ўсе тры кiнулiся ў гэты бок.

- Вам чыво зьдзесь? Ухадзiце!

Выразны голас. Людзi ў зялёным беглi й крычэлi. Адзiн выхапiў з кабуры наган.

- Янучок, гэта яны на нас! - страсанулася Дуня.

- Давай ходу!

Зь месца ўзялi колькi моцы. Янук азiраўся, цi ня спусьцiлi з павада сабаку. Адзiн трымаў ваўчара, што рваўся наперад, але здалося Бахмачу, што вартавыя iх даганяюць.

- Янучок, скарэй, бо здагоняць! - падахвочвала Дуня.

Беглi ў кiрунку вакзалу. Мiж iмi й шляхам, застаўленым вагонамi, зьзялi ў заходнiм водсьвеце рэйкi. Кроў бiла ў скронi, займала дыханьне, а даўгаваты бацькаў армяк замiнаў Януку даць поўны ход нагам. Хлапец зноў азiрнуўся. Вартавыя крычэлi, махалi кулакамi. Янук крыва ступiў, нага зачапiлася за шпалу цi якую патарчаку, хлапец рынуўся на зямлю, кнiжкi й сшыткi плёхнулi з торбы ў сьнег. Па нечым цьвёрдым скаблянуў локаць i моцна забалела ў баку.

- Дуня, пачакай!

Дзяўчына спынiлася, падскачыла памагчы хлопцу ўстаць. Яна дрыжэла. Гарачае дыханьне аблiло Янукоў твар.