Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 121

К Акула

Пэўны час маўчалi.

- Ты глядзi, Янучок, што гэта там!

Воддаль ад чыгункi ляжалi кучы цэглы, дошак ў, бярвеньня. Мясцамi са сьнегу вызiралi курганы чорнае зямлi. Пачатак нейкага фундамэнту прастакутнiкам павёў направа ад дарогi.

- Будуюць, мусiць, нешта.

- Ага.

- Алi-ж, мусiць, нiдаўна пачалi, бо тут нiчагусянькi нi было.

Падыйшлi да месца будовы. Кучы конскага калу, пацяруха корму, недагарэўшыя смалякi на вогнiшчах, што курылi яшчэ дымком, да чарнаты вытаптаны вялiкi пляц, - усё гэта сьветчыла, што кагадзе людзi тут працу пакiнулi. Ля дарогi стаяла дашчаная будка. Са стрэшкi тарчэў круглы бляшаны комiн, што цяпер курыў чорным дымком. Ля дзьвярэй паказаўся чалавек у вушанцы, апрануты ў чорны шынэль. Пасярод таго, што выглядала на фундамант, на двух слупох прыбiтая таблiца апавяшчала вялiкiмi чырвонымi лiтарамi:

ЧЕРЕЗ ТРУД К ПОБЕДЕ КОММУНИЗМА!

И.В.Сталин

- Гэта, мусiць, будзiць тое самае фазаво, - сказала Дуня.

- Якое такое фазаво?

- Значыцца фабрычна-завадзкое абучэньня, школа нейкая, - паясьнiла дзяўчына. - Чула, як Жыды ў мястэчку гаварылi.

Чалавек у вушанцы, са шчацiнiстым чарнявым тварам, стаяў ля будкi й прыглядаўся вучням. Мiнуўшы новабудоўлю, трапiлi на неаб'ежджаную дарогу. Iсьцi было куды цяжэй.

- Знаеш што, Дуня?

- Ну што?

- Цi ня лепi нам на калею пайсьцi? Скарэй будзiць.

- Добра, давай!

Лагодным адхонам узабралiся на чыгунку. Пазiраючы адзiн на другога з задавальненьнем, пераскаквалi адлегласьць мiж шпаламi, гэткiм чынам паскорыўшы тэмпа вандроўкi. Воддаль налева, мо празь пятнаццаць чыгуначных шляхоў, вызiрала чырвоная страха нiзкага, падоўжанага вакзальнага будынку. Наперадзе чыгункi адбягалi направа й шмат вагонаў стаяла каля лесу, што прымыкаў да станцыi з паўдня.

- Ты паглядзi, колька яны гэтта набудавалi. Гэных-жа калеяў, што каля лесу, саўсiм нi было, - спасьцярог Янук.

- Тамака ў лесе, казалi, усякага хламу й бiнзiны ў бочках панавозiлi, дык мусiць каб пад'яжджаць было як, - адказала Дуня.

Яна пераскочыла адзiн, пасьля другi чыгуначны шлях i як гiбкая сарна хутка бегла па шпалах. Янук ледзь патрапляў ззаду. Гэтака намагаючыся адно другому навыперадкi, амаль не заўважылi, як прыблiзiлiся да тых двух эшалёнаў, што на бакавiне пры лесе стаялi. Янук раптам спынiўся.

- Дуня, а можа ля могiльнiку ня пойдзем? Можа тамака празь сьнег нi прабрацца?

Спынiласяш задыханая Дуня. Пара валiла з ратоў.

- Цiха! - падняла дзяўчына ўверх руку.

Да вагонаў пры лесе было адлегласьцi мэтраў дзьвесьце.

- Чуеш? - шапнула дзяўчына. Твар ейны насьцярожыўся.

- Чую, - адказаў Янук.

З вагонаў даходзiў гоман... Ды гэта ня быў гоман. Гэтак не гаварылi людзi. Нехта то стагнаў, то енчыў, то лiтасьцi прасiў, то распачлiвым, сэрца сьцiнаючым голасам сьпяшыў навыперадкi iншым стогнам i енкам. Маса галасоў. Сотнi, тысячы. Мiж iх прабiвалiся танюсенькiя, сiпатыя, зьнядужэлыя дзiцячыя. Распачлiвая нясугучнасьць квялiла нэрвы, маразiла кроў. Зь перапынкамi брахалi сабакi.

- Што гэта? Божа мой! - жахнулася Дуня.

- Глядзi, глядзi, во вартавыя са стрэльбамi. Мусiць у гэных вагонах людзi...