Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 120

К Акула

- Куды гэта ты павярнула?

Задумаўшыся, адразу не спасьцярог, што дзяўчына не пайшла праз пераезд, а павярнула ўздоўж чыгунак направа. Гэтта хадзiў дадому ўлетку. Нацянькi праз поле й лес было шмат блiжэй.

- Пойдзiм ля могiльнiку, скарэй будзiць, - адказала Дуня.

Яна мела наўвеце вайсковы польскi могiльнiк. Ляжаў на ўзгорку за паўкiлямэтры ад станцыi, а зараз-жа за iм пачынаўся лес i летам бегла празь яго выхаджаная сьцежка.

- А цi пройдзем-жа? Нi знаеш, цi завеяла?

- Казалi бабы, каторыя хадзiлi, што сьцежку даўно пратапталi.

- Ну глядзi.

Заходняе неба румянiлася тым гарэньнем, што варажыла люты мароз. Побач чыгункi зьзялi iнеем дрэвы. Скрыпеў пад нагамi сьнег. На станцыi пераклiкалiся паравозы, лязгалi буфары. Ля галоўнай вулiцы пыхцела дымам з комiну мястэчкавая электрастанцыя. Дзесь на той бок вагзалу, у гушчы вагонаў, пачаў паволi чмыхаць паравоз. Кiдаў уверх вялiзныя клубы дыму. Чмыханьне згусьцела, чорны слуп падняўся ў празрыстую марозную вышыню i ўжо здалёк чуваць было ззаду за паравозам тарахценьне сотняў калёс. Зь вялiкай чырвонай зоркай наперадзе, паравоз выпаўз з гушчы вагонаў, параськiданых па чыгуначных шляхох. Дабягаючы да сэмафору, ахутаў вучняў гарам i дымам, ды накiраваўся на маладэчанскую чыгунку. Янук i Дуня спынiлiся й прыглядалiся даўгому эшалёну, наладаванымi ваеннымi машынамi, танкамi, вялiкiмi скрынямi.

- Глянь ты, матка мая, колька гэта дабра езьдзiць, - захапiўся Янук. Куды ты, Дуня, думаеш яны гэта вязуць?

- От дзiвак, - усьмiхнулася дзяўчына, - недзiка на нямецкую гранiцу, а куды-ж...

Янук памаўчаў, падумаў.

- Дык нашто-ж iм тамака танкi? Яны-ж кажуць, што зь немцамi саюз маюць. Цi гэта на саюзьнiка зьбiраюцца ўжо?

- Трапеш абы што, - махнула рукой Дуня, - iдзi ды iх запытайся. Iдзём во скарэй, бо сьцюдзена.

Дуня паскорыла крокi. Цягнiк уцёк на захад. Зноў пацiшэла, адно сьнег пад нагамi скрыпеў. Янук задумаўся. Ня ведаў зь якога боку гутарку пачаць. Цi гэта тая самая дзяўчына, што васiлькамi прынаджвала, выклiкала? Цi гэта тыя вусны, што гарачым вцалункам у канюшыне ў цёплы васеньнi вечар яго апяклi? Цi гэта тая гнуткая сярэдзiна, на каторай ляжала касматая, - ой як балела гэта Януку! - байцова рука на вечарыне? Пунсовыя ад марозу шчочкi й вочы-васiлькi былi тут-жа побач. Васiлькi глядзелi так проста й зусiм абыякава. Што за перамена! Дзеўка замянiлася ў вучанiцу.

Апранулася ў цёплы кажушок, вязаную ваўняную, сiнюю шапачку, выгадныя боцiкi з валёнкамi ўсярэдзiне. Зiрнуўшы на свае абноскi, Янук задумаўся. Пракоп Бахмач мог-бы ў камбед належыць, "награбленае грабiць"...

- Дуня.

- Ну?

- Ты гневаешся на мяне за тое, што я тады на вечарыне балюча на нагу ступiў?

Чаму ён гэта сказаў? Хацеў пра школьнае, а тут яно само наверх усплыло. Пунсовы тварык прачнуўся з задуменьня, расплыўся прывабнай усьмешкай.

- Янучок, якi ты... якi ты дурненькi, - таўханула дзяўчына яго плячом.

- Што я, чаму я дурненькi? - крыўдна буркнуў хлапец.

- Ну бо ты думаеш, што нешта такое важнае сталася. Я даўно аб тым забылася, - адказала жартаўлiвым голасам Дуня.