Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 119

К Акула

27

Хутка зыходзiў зiмовы дзень. Высыпаўшы з двухпавярховай гацкай школы, дзецi таропка разыходзiлiся. Найбольш вярталася ў мястэчка. На выглажаных палозьзем дарогах вясковыя вучнi азiралiся, каб нагледзець якога добрага дзядзьку, што дахаты падвёз-бы.

Маўклiва йшоў побач Дунi Янук. Думаў. Было шмат новага й цiкавага, сэрцу блiзкага. Няведама дзе гутарку пачынаць. Бянтэжыўся быццам гэны прыказачны камар у абозе нудыстаў, Мусiць тыднi тры назад вярнуўся Янук у школу. Сталася гэна зусiм нечакана. Неяк павячэраўшы, сказаў бацька сыну:

- Зьбiрайся, Янучок, у школу.

Хлапец разявiў рот.

- Ты, тата, жартуеш цi што?

- Чаму-ж жартую? Кажу, iдзi ў школу. Ты-ж хочаш, не?

Бацькавы вочы пазiралi на яго шчыра шчыра й проста, быццам гаварылi: што-ж ты скрываеш, абiбок? Цi-ж ня вiдаць, што аж пiшчыш, як у школу хочаш?

Янук спасьцярог добра ведамую iскрынку ў бацькавых вачох i ведаў, што не яму скрываць што. Ужо колькi разоў хадзiў на вячорныя курсы ў лiтоўскай школе, дзе "паруску" вучылi. Сын сачыў бацьку. Кавалак панскай зямлi быццам сьвежай жыватворчай хваляй падзеяў. Паясьнеў бацькаў твар, зьнiкла крактаньне-нараканьне, перастала дрыжэць спрацаваная рука, калi на прыгожыя, роўныя ськiбы бохан хлеба рэзала. Праўда з-пад жорнаў хлебкаструбаваты быў, але-ж ён свой, ня той, за каторым у "сяльпо" трэба было гадзiнамi ў чарзе калець. Цяпер у гутарках ня зводзiлiся пляны пра ўрадлiвы кавалак зямлi.

- Гэта-ж ня тое, што мой клiнок пяску, - мяркаваў Бахмач, - дзе, казаў той, адно калiва здругiм нi суседзiла. Там-жа зiмля-зямелька, сам-жа вунь працаваў на ей, знаю...

Так гаварыў адроджаны, уздужэлы чалавек, што кагадзе пра сэнс спадзяваньняў забыўся. У хаце жылi будучыняй. Яна поўнiла арганiзмы сiламi, налiвала жыватворчымi сокамi цi ня ўсе змораныя клеткi гэтай гаротнай сям'i.

- Дык чаму-ж не, - прызнаўся Янук, - хацець хачу ды яшчо вунь як. Алi-ж хто дома рабiць будзiць?

- Ты во нi бядуй, як кажу дык iдзi. Вучонаму сьвет адкрыты, а мы тут неяк рады дамо. Вясной-жа, чаго там, школа скончыцца i зноў памагаць будзеш.

Хлапца намаўляць ня трэба было. З радасьцi пад самую столь карцiла падскочыць. Гэта-ж колькi разоў ужо слова на языку было, ды не асьмельваўся. Ведаў бацькаву нямогласьць.

- А за каго-ж я буду вучыцца, тата?

- Як гэта за каго?

- Людзi-ж во вучацца то за вучыцеля, то за доктара, то за iнжынера...

- Гэта ты, сынок, надта ўжо разагнаўся, - усьмiхнуўся Пракоп. Цяперака пра гэта табе яшчо думаць ня трэба, пакуль тое прыйдзiць... Я-ж знаю, што яны накш чымся Палякi тыя вучаць. Гэтта я нi пра язык гавару, а праграму. Дык работы будзiць... А кiм будзеш, - паглядзiм. Хто ведаiць, як яно далей пойдзiць...

Пры апошнiх словах захмарылася бацькава аблiчча. Баяўся Янук, каб не раздумаўся раптам бацька й не назваў усяго, толькi што сказанага, благiм жартам. Але бацька не раздумаўся. Гэткiм чынам вярнуўся Янук у знаёмыя, калiсьцi iм аббеганыя-абабiтыя пакоi й калiдоры, ды вось цяпер яго хаджалыя ногi патраплялi Дунiным.