Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 118

К Акула

- Чорт iх ведаiць... мусiць гэтыя во Сiбiр нам прынясьлi, - наракаў нехта.

- Хто гэта?

- Асвабадзiцелi нiбы, а хто-ж...

Як доўга жылi лiтоўскiя людзi, нiхто ня мог прыгадаць такой лютай сьцюжы. Дзед Якуб апавядаў, што холад запраўды даўся яму некалi ў знакi, але было тое ў далёкай, чужой, няпрыветлiвай краiне, калi пагналi яго былi цара-бацьку сiлай "зашчышчаць".

- Кажу вам, каб яго макарэц спапялiў, што як сьвет сьветам, як доўга во па гэтай грэшнай зямлi хаджу, нiколi такога ў Лiтоўцах яшчо во нi было. Прынесьлi во Сiбiр з сабой.

I ў вадзiн люты сiбiрскi дзень прыйшоў ў вёску наказ, каб усе, хто меў сiлу лапату трмаць, на гацкi гасьцiнец выходзiлi. Колькi бальшавiцкiх грузавых машынаў, што намагалiся праехаць, завязла ў сьнезе. Навакольныя сяляне, спанатрыўшы гэта, на сьмех паднялi маторных разумнiкаў. Адылi хутка ацiх сьмех, калi ўпраглi iх у рашчышчаньне гасьцiнцу. Станулi людзi плячо ў плячо й рылi тунэлi, што мясцамi глыбiнёў у двух чалавек сягалi.

Нiяк не маглi ажывiць у адкапаных машынах маторы. Пакiдаць-жа грузавiкi на гасьцiнцы было немагчыма. На помач прывялi сялянскiх коней, падпрэглi па чатыры ў машыну ды, падпiхаючы ззаду, пасьцягвалi iх у Лiпавiчы. Рашчышчаны гасьцiнец намагалiся цяпер трымаць адкрытым. Спатрэбiўся пастаянны нагляд i дадатковае рашчышчаньне тых мясцоў, якiя няўтомны вецер засыпаў сьнегам.

Засьнежаная краiна спрыяла "вызвольнiкам" у вадным галоўным мерапрыемстве, пра каторае не адразу даведалiся сяляне. Звычайна пасьля поўначы, калi сьпяць працавiтыя й сумленныя людзi, на маёнткi, фальваркi й асаднiцкiя засьценкi наляталi ўзброеныя людзi. Работу сваю намагалiся рабiць цiха, каб не спасьцерагло непаклiканае вока. Прыблiжалiся да аб'екту цiха, як зданi, пазладзейску. Настойлiвы стук у дзьверы раскатурхваў перапалоханага гаспадара. Абмундзiраваныя, узброеныя людзi ўрывалiся ў гасподу, як каршуны на кволых птушак, наляталi на сонных людзей, загадвалi неадкладна ў дарогу зьбiрацца. Не, зусiм нiякiх рэчаў нi запасаў браць з сабой ня трэба. Заўтра, цi дзень пасьля, вялiкадушны валадар усiх дахаты адпусьцiць. Вось адно цяпер "быстрэй, быстрэй!"

Людзi са зброяй былi надзiва негаваркiя. Дзе не памагаў ляканiчны загад, там пагрозьлiва пераконваў кантаваты штык. Плач дзетак, праклёны матак, стогны слабых цi нямоглых не сягалi непаклiканых вушэй. Хапуны лётам кантралявалi маёмасьць "ворагаў народу", найбольш цэннае пхалi ў свае кiшэнi. Дрэнна апранутых людзей выкiдалi празь дзьверы ў санi ды, насядаючы на коней, зьнiкалi ў марознай сьнежнай далi.

- Вывозяць!

Жахлiвае, крылатае слова шырылася па ваколiцы. Слова падстрэлiлi. Каму трэба, "народная ўлада" дала грунтоўныя выясьненьнi. Iншыя-ж, перапалоханыя цьвёрдай рукой улады, без адвалокi прышчамiлi языкi.