Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 108

К Акула

Валодзька сядзеў пасярод хаты на чыстай жоўценькай падлозе, цёр вочкi, недаверлiва паглядаючы то на матку, то на ягнят, што бляялi й церлiся адно ля другога ў куце пад сталом.

- Трэба во найлепi iх да маткi занясьцi. Нiхай пасасуць, бо галодныя ўжо.

Гэтак гаворачы, Марыля ўзяла ягнят i выбегла на двор. Матка сустрэла дзяцей радасным бляяньнем, зь нейкай удзячнасьцю зiрнула ў Марылiны вочы й не пасьпела як сьлед лiзнуць сваiх дзетак па галовах, як тыя ўзялiся таўхаць пад вымя, варушачы куртатымi хвосьцiкамi. Абнюхаўшы дзетак, авечка задаволена бляяла, а Марыля мяркавала як гэта прыгожа Бог надарыў жывёл мiлым адчуваньнем мацярынскасьцi й дбайлiвасьцi пра малое, нованароджанае. З гэткiмi думкамi, прычынiўшы дзьверы ў хлеве, жанчына сiгала праз шырокi двор да хаты, на хаду зiрнуўшы на шэрае, золкае неба, што волавам павiсла ўверсе. Невялiкi чорны Мурзiк, узрадаваны сустрэчай з гаспадыняй, раптоўна павярнуў дарожкай пад гумно й гулка забрахаў. З гумна на самакаце прыблiжаўся Сабакевiч. Адно на момант спынiлася Марыля, ямчэй забiлася ейнае сэрца й хутка пабегла ў хату.

Зрабiлася млосна, разам i горача й сьцюдзена, дрыжыкi па целе бегалi. Гэтта й страх, i чаканьне новага, няпэўнага, няведамага. Забылася пра цяжкi таўкач у руцэ, каторым цяпер з падвойнай сiлай таўкла ў ступе й адно адчувала як слабеюць каленi, як зьнясiлiла нейкая дзiўная млоснасьць.

Прыгадалася летняе, лiпеньскае, на польнай сьцежцы мiж жытнiх васiлькоў. З Гацяў iшла. Заварожаная дзiўнымi гукамi прыроды, сама як краска "на амэрыканцавым хлебе" разбуйнеўшы, цягнула пад носам нейкi дзявочы раманс i жадала, каб вось так у няскончанасьць iшла, каб гэтак заўсёды побач красавалi-усьмiхалiся васiлькi, прынаджвала на межах шыпшына, кiвалi на спатканьне махрыстымi чубамi фанабэрыстыя прыгажунi бярозкi ў гаю. Дзявочасьць ейная скончылася й ня скончылася. Муж быў той i ня той. Ён то й любiў, i шанаваў яе, ён i перасьцярагаў, каб не перапрацоўвалася, але вось прыходзiла ноч i замiж тых чаканых, дых забiраючых мiлых абдымкаў, пачыналася крактаньне, нямогласьць, нараканьне. Цi гэтак маладая, гарачая, поўная энэргii дзеўка замужжа сабе ўяўляла? А гэта Васiль пад бокам надзiў. Там-жа далей стаяў бравурны, баявы, закаханы, пагрозьлiвы Косьцiк. Ды часам здавалася, што нiчога гэтага ня было, што ўсё гэта - ява, сон нязбыты. Было адно неба й сонца, песьнi жаваранкаў i васiлькi й каласiлася жыта.

Ён вырас пасярод сьцежкi вялiкi, магутны й пагрозьлiвы. Ад нечаканасьцi, зь перапалоху хацела крыкнуць, кiнуцца ў густую сьцяну збажыны, але абамлелi, ацяжэлi ногi. Стаяла дрыжачая, няпэўная. Было ў гэтага дзяцюка нешта, што скоўвала яе волю, паралiжавала рухi. Буян, крамольнiк, вязень, начная птушка, крот, што ад уладаў вечна скрываўся, ён у памяцi ейнай юнацкай неадступным гаспадаром стаяў, як нiхто iншы верадзiць сэрца маладое патрапiў. I каб нi бацькi...

- Ага, птушачка, злавiў! - сустрэў ёмкi, звонкi голас. - Што-ж, думаеш уцiкаць цяперака ад мяне? Паспробуй!

Не жартавалi валадарныя, наважаныя вочы. Энэргiчнасьць вiдаць была i ў шырокiх, прыцiснутых поўных вуснах i навет у нябрытым падбародку. - Ты што-ж гэта за старога, крэкчучага ханжу пашла? За зямлi кусок, га? Табе што, мая любоў - гэта гной пад нагамi, каторы таптаць можна?