Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 106

К Акула

- А можа дадуць, тата?

- Нi знаю, сынок, пра гэта яшчо нi гаварылi. Трэба будзiць папытацца.

- Алi-ж i пекная нiва! - захапляўся Мiкола. - Ты-ж, тата, мусiць надта рад, што такую далi.

- Чаму-ж не, кусок зямлi добры, нiма чаго сказаць.

Пракопавы вочы зазьзялi адно на часiну. Былi гэта вочы, зь якiх блеск радасьцi прабiваўся як сонца з густых, завалокшых неба хмараў.

Пытаньне насеньня абмяркоўвалi з Алесям, якому далi кавалак зямлi за тры дзялкi ад Пракопавага.

- Трэба-ж варажыць, што начальства маiць галовы на плячох i мусiла пра гэта падумаць. Яны-ж знаюць, што многа ў каго ня будзiць чым засеiць, дык можа з панскага дадуць. Вазьмi сабе хоць каго з гэтых, каторым зямлю дзеляць, дык колька, ты думаiш, зь iх насеньня маiць... А цi-ж на тое зямлю даюць, каб пуставала?

- Яно-ж сабе так, ну паглядзiм, - згадзiўся Пракоп.

Даўгi, жаўтавата-буры кажух Косьцiкавага бацькi Паўлюка поламi гойдаўся ў такт нехлямяжаму кроку ягонага ўласьнiка. Бурак спынiўся на гасьцiнцы, разгледзеўся й паволi прыблiжаўся. Ён затрымаўся, доўга сачыў што робiцца за ваеннай загарадкай ды, пару разоў кашлянуўшы, зноў зрушыў зь месца. Пракоп i Алесь загадкава прыглядалiся гэтаму "няпрылюдку", як яго ў вёсцы называлi. Кажух выглядаў, як быццам адно што з-пад iголкi. Гэты факт зьдзiвiў Бахмача й ягонага швагру. Скнара Бурак звычайна паказваўся ў людзi ў старых рызманох. Выдатна пашыты кажух усьмiхаўся спэцыяльнымi аздобнымi гузiкамi й прыгожым узорам на грудзях.

- Здарова, мужчыны, - гукнуў Бурак.

- Здароў, Паўлюк.

- Вiджу гэта, што мой начальнiк мусiць ужо адрэзаў вам па добраму куску. Як яно тут?

Ён абапёрся на таўставатую аздобную ляску й пазiраў то на мужчын, то на гонi, то пад лес, дзе трымалася галоўная грамада.

- Ды-ж адрэзаў, ага, - адказаў Алесь.

- Гэттака-ж во мусiць цi нi самая найлепшая зiмля, - гаварыў Бурак. Як гэта яна вам папалася й чаму вам?

Алесь зiрнуў пытальным зрокам на Пракопа.

- Як тутака табе сказаць чаму... Ды во пачалi дзялiць па фамiлiях, як яны па алфавiця йдуць дык i папалася, - паясьнiў Пракоп.

- Ага, от яно як. Добры-ж, надта добры кусок. Хто-ж гэта нi знаiць, калi пры дарозе во, на воку ўсiм...

У Бураковых шэрых вачох успыхнула iскрынка цi то зайздрасьцi, цi прагавiтасьцi. Рэдка бачылi людзi гэтага мужчыну ў грамадзе i яшчэ радзей гаспадарыла ўсьмешка на ягоным твары.

- Ну а сам-жа бярэш? - спытаў Алесь.

- Гэта зямлю, цi што?

- Ага, зямлю.

- А думаеш, што дадуцць i мне?

- Ну а чаму-ж не? Свой-жа начальнiк, як сам ты сказаў, дык чаму-б нi далi... Кажуць-жа, што даюць кажнаму, колька хто захочыць.

- Гэта ты, Алесь, зь мяне кепiкi строiш, цi што?

Сухi кашаль вырваўся гвалтоўна. Паўлюк нахiлiў каўнер, зашпiлiўся. Кашаль трываў даўгавата. Неяк дзiўна зiрнуўшы на мужчын, бяз слова на адыход, Бурак пашкандыбаў у той бок, дзе трымалася большая грамада.