Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 107

К Акула

- Кажух во новы з кубла выцягнуў, мусiць, бо кашаль пярыць. Нябось, прагавiтасьць цi ня мерку пiрабрала ды сiлаў нi стаець. Цi нi хацеў-бы во яшчо зямлi кусок, але нашто яна яму ўжо, - гаварыў Алесь, калi пайшоў Бурак.

- А цi ён-жа мерку знаiць? - спытаў Пракоп.

24

Сявенькава Марыля таўкла ў ступе мак. Ступа стаяла ў куце ля дзьвярэй i жанчына часта пазiрала на маленькага сына Валодзьку, што забаўляўся зь ягняткамi. Пазаўчора акацiлася авечка й муж прынёс двое чорненькiх, зь белымi залысiнкамi, ягнятак у хату, каб пазабаўляўся сынок. Цяпер дзесь з аўчарнi далятала голаснае бляяньне маткi.

Упарадкаваўшы ранiцай статак, Сявенька напакаваў два мяхi рознага дабра й павёз да Жыда ў Гацi, каб на нафту, соль цi цукар памяняць. Пакуль новыя ўлады не забралi прыхаванага, ў знаёмага крамнiка мусiлi трымацца запасы. Сявенька мяркаваў, што лепш было зайсьцi праз заднiя дзьверы, або й пераплацiць, чымся гадзiнамi ў чарзе пры дзяржаўным "гарпо" калець ды можа з пустымi рукамi дамоў вяртацца. Ды каму-ж у тую чаргу йсьцi? Собiла людзям сем'i большыя мець. А дзе возьмеш час, калi сам адзiн у гаспадарцы? Таму здавалася Сявеньку, што найлепшым быў шлях замены тавараў воддаль ад вока людзкога.

- Сынок, ты-ж памаленьку, ня душы iх! Што-ж ты робiш?! Я-ж цябе!

Марыля падбегла да замурзанага Валодзькi, каторы моцна ашчаперыў ягня за шыю. Мацi выхапiла яго й паставiла на кволыя яшчэ ногi. Лёгка, шкадуючы, дала малому па руках i пагрозьлiва памахала пальцам.

- Кажу табе, няможна душыць, нiхай бегаiць! Ато бiць буду, во!

Валодзька-пястунок, прыгожы кругленькi нямыцька, зарабiўшы ад маткi па руцэ, скрывiў вусны й зморшчыў твар.

- Ну нi плач, нi плач, золатка, ня трэба, - патолiла матка, схiлiўшыся на паўзунком. Малы слаба яшчэ на нагах трымаўся.

- Кажу-ж табе, гуляй зь ягняткамi, алi нi душы iх. Ды iх во можа лепi да маткi было-б... чуеш во, як бляець...

Марыля адной рукой трымала ягня, а другой гладзiла сына па галаве.

- Глядзi во, якая пекная авечачка. Ну скажы, як авечачка маму клiча: мэ-э-э-э-э-э!

Шустры Валодзька не хацеў, мусiць, паўтарыць, як ягнятка маму клiча. Ён хутка падпоўз да ягня, згроб яго за ногi й моцна, зь вялiкай адданасьцю прытулiў да сябе. Ягнё пачало вырывацца, колька мага сiлаў.

- Кажу-ж табе, нi душы! Ах ты, смаркач нiпаслухмяны!

У прыплыве раптоўнай злосьцi Марыля схапiла хлапца й адвесiла поўнай даланёй па азадку. Сынок-пяштунок быццам гэтага й чакаў. Як на сыгнал, ён залямантаваў голасна.

- Ну нi крычы-ж во, як-бы цябе хто на кавалкi рэзаў. Чорт яго ведаiць, бацьку гэтага... казала во, што болi бяды, чым пацехi будзiць... нашто было прыносiць? Тая ў хлеве горла дзярэць, а гэты ў хаце. А ну вас!

Марыля жвава павярнулася падбегла да лавы, зьняла ручнiк зь дзежкi й зiрнула ў сярэдзiну яе, цi падыйшло цеста.

- Трэба во канчаць мак таўчы, булкi рабiць ды ў печ садзiць, а ты мне нi даеш, - махала Марыля пальцам на сына. - Колькi разоў назаляла язык, прасiла бацьку, каб таўкач меншы зрабiў, бо гэты чаго руку нi адравець... Ну гуляй, сынок, гуляй.