Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 109

К Акула

Прыгадвалася пасьля, што кiнулася ў бок iнстынктоўна, без папярэдняе развагi. Колькi ў нагах моцы, бегла нацянькi праз жыта. Сьцёбалi па твары каласы, займала дыханьне. I як спынiла бег, вялiкiм малатком бiла сэрца ў грудзёх. Усьведамiла, што не так самога цялеснага Сабакевiча, як свае слабасьцi баялалася. Адна маленькая неразвага дый ня будзе павароту назад. Сьведамасьць здрады чалавеку, што гадамi бацькам ей мог быць, iржой разьесьць будучыню. I задаволеная была, што ўстрымалася. Былi сустрэчы й пазьней, але заўсёды на бок ладзiла вiхнуць.

Аж прысядаў, залiваўся браханьнем Мурзiк перад дзьвярмi сяней. Раптам заенчыў, у бок адскочыў. Енк суправодзiў басiсты, злосны Косьцiкаў мат. Марыля забылася пра Валодзьку, заядла таўкла мак, а ў сэрцы нарастала трывога. Пачуўся кароткi й моцны стук у дзьверы. Затрымаўся ў млоснай руцэ над ступай таўкач i мацi разгубленым позiркам кiнула на сына.

Шырака адчынiлiся дзьверы й цьвёрдым, упэўненым крокам увайшоў у пакой Сабакевiч. Чырвоны, новенькi, вышываны ля каўняра кажушок, расшпiленая кашуля, з-пад шэрай кепкi пазiралi буйныя валосы. Косьцiкавы вочы пабеглi насамперш па пакоi, затрымалiся на Валодзьку й пасьля павандравалi на Марылю.

- Што-ж гэта нi адчыняеш? Нi пазнала можа?

Марыля загарэлася чырваньню ў твары й пазiрала ўнiз.

- Сама дома?

Голас намагаўся трымаць лагодным, хоць няцяжка было спасьцерагчы, што рабiў гэта з намаганьнем.

- А ты што, ня ведаеш? Мусiць падпiлнаваў, калi так сьмела ў хату лезеш.

- Што такое падпiлнаваў?

- Ды што майго дома нiма.

- Чорт яго, тое старое парахно, пiлнаваў. Думаеш баюся яго цi што?

- Ну дзе-ж табе баяцца...

- Во, во, правiльна кажаш, Марыля, баяцца мне нiма каго, асобiнна такога старога кулака, як твой.

Косьцiк зрабiў пару крокаў, затрымаўся перад Марылiным сынком. Малы баязьлiва пазiраў на вялiкага дзядзьку ў чырвоным кажуху.

- Як гэта кулака? - адвярнулася Марыля ад ступы.

- Гэ-гэ, - усьмiхннуўся Ромкаў гаспадар. - А ты-ж, дурненькая, мусiць i нi панiмаiш. Гэтак савецкая ўласьць называiць людзей, каторыя многа зямлi й багацьця маюць ды чужы труд iспользуюць. Эксплуататары. Памiмаiш? Гэта ўрагi народа. Iх на Сiбiр вывозяць патаму, што яны процi гасударства. Да, врагi народа, iцi iх маць! I твой тожа ўраг народа, кулак!

Вiд заклапочанай, прыгнечанай нечаканым цяжарам ягоных словаў жанчыны мiла казытаў Косьцiка недзе ў грудзях. Гэта тая самая, некалi пераборлiвая дзеўка, пышная ластавачка-гарэза, каторую яму, Косьцiку, нiяк не ўдалося ў рукi свае цапнуць. Цяперака-ж яна вось вось гэтта перад iм, у ягонай сiле. Выцягвай руку й бяры, гарнi да сябе. А як пахарашэла, як увыдатнiлiся яе ранейшыя прывабнасьцi. Мусiць праўду кажуць, што жаночая прыгажосьць пасьля першага дзiця расьцьвiтае. Гэтак i Марыля. Як дрыготка-прываблiва ходзяць пад тонкай паркалёвай поўныя, тугiя грудзi, як пахарашэў увесь ейны стан i навет, здаецца, папрыгажэлi ногi. I цяпер яна, гэта цаца, "расавая кабыла" поўнасьцю ўжо ягоная, бо нiкуды ад яго не ўцячэ.