Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 104

К Акула

А мо бязладзьдзе гэтага новага ладу адно часовае зьявiшча? Самi-ж бальшавiкi нi раз казалi, што "нi адразу Маскву пастроiлi", трэба "абаждаць", усе такiя малыя недарэчнасьцi, як чэргi пры крамах, цi нейкi млын, каторы ня можа зь млiвам справiцца - зьявiшчы пераходныя, спрычыненыя тым, што разбураецца стары й будуецца новы парадак. Вось дзе яно: "новы парадак". Гэты "парадак" на ўсе спосабы скланялi, сялянскiя вушы iм абтрапалi. А ад чаго пачынаецца "новы парадак"? Ад разбурэньня й беспарадку?

"Эх, можа й шукаю дзiркi ў цэлым", - думаў Пракоп. - "Дадуць, дык вазьму, а што пасьля... адбяруць, дык адбяруць..." Гэткiм канчатковым выснавам падбадзёрыўся Пракоп i зiрнуў навокал. Пярэднiя сяляне згрупавалiся ля гасьцiнцу на малым сугры, што да забароненай зоны прымыкаў. Зонай гэнай быў ладны кавалак поля, абгароджаны высокiм плотам з калючым дротам. У вадным куце загарадкi, далекавата аж пад лiпавiцкiм гаем ляжалi стосы мэталёвых бочак. Казаў нехта, што ў бочках бiнзiну трымалi. Ля тога кладу бочак вiдаць было двух жаўнераў у даўгiх шынэлях, з пупаватымi будзёнаўкамi на галовах i штыкамi на стрэльбах, пераз плячо перавешаных. Блiжэй пад лiпавiцкi сад, абкапаныя зямлёй, тарчэлi рулi гарматаў, цi ня зэнiтак. Вартаўнiкi былi й каля гарматаў.

Лiтоўскiя сяляне маўклiва пазiралi на Косьцiка.

- Так вот, значыцца, - пачаў Сабакевiч звонкiм голасам, - будзем браць, значыцца, па алфавiця. Хто першы ў нас?

- Бахмач, мусiць?

- Ну так, ён-жа на "бэ".

- Давайце яго сюды! Таварыш Бахмач, сколька зямлi вам?

У Косьцiкавым голасе гучыць звычайная дзелавiтасьць, нi iронii, нi пагрозы. Азiраючыся на швагру й вясковых, Пракоп падыйшоў да Сабакевiча. Абапёршыся на змайстраваны зь бярозавых прутоў трохкутнiк, сьмярдзеў з боку карашкамi Захарук, нехлямяжа трымаў у кiшэнях гладкiх портак рукi Шпунт Лявон i калоў маленькiмi вочкамi старшыня камбеду.

- Сколька вам зямлi, спрашываю? - паўтарыў Косьцiк.

- Як гэта? - перапытаў Пракоп. - Колька-ж дадуць...

Як перапалоханы заяц, Пракоп недаверлiва сачыў начальнiкаў. Калi-б замiж абяцанага кавалка зямлi пачалi ў бакi камшыць, - дай Божа здаровыя ногi.

- Дадуць... дадуць! - гарэзьлiва перакрывiў Косьцiк. - Спрашываю, сколка хочаш?

- Дык значыцца можна колька хачу? - ня верыў Пракоп.

- Табе-ж кажуць: бяры колька хочаш! - прыкiнуў Тодар.

- Яно-ж так, - пацьвердзiў голас у грамадзе.

- Калi так... дайце восiм актараў, - асьмелiўся Пракоп.

- Ну вот, так даўно сказаў-бы, - выцягнуў правую руку зь кiшэнi Шпунт.

- Так i запiшам: Бахмачу восiм актараў. - пацьвердзiў Косьцiк. - Пiшы, Лявон. А вы, - зьвярнуўся да Захарука й Пятуха, - бярыце й мерце. Там вiдзiця гэны куст пры гасьцiнцы? От ганiце трохвугольнiкам прама на яго. Як адмерыце сколька да яго метраў, тады адшчытаiм сколька палагаiцца ўшырыню. Панятна? Ты, Лявон, шчытай сколька квадратных метраў далжно быць.