Читать «З табой» онлайн - страница 8

Поль Элюар

***

Ад маёй адной-адзінай ласкі Ты ва ўсім сваім заззяла бляску.

***

Зямля ўся сіняя, як апельсін, Памылкі ніякай няма — словы не маняць, Яны не дазваляюць больш спяваць — А толькі ў пацалунках слухаць адно другога. Шаленства закаханых! Яна, як вусны, злітыя з маімі, Усе сакрэты, усе усмешкі. Спагадліва адзенне прыкрывае Яе аголенае цела. Забушавалі восы зелена, Зара на шыю надзявае Каралі вокнаў. Пад крыламі схавана лісце, Ўсе сонечныя радасці ты маеш, Ўсё сонца на зямлі — На ўсіх шляхах тваёй красы.

***

Яна нада мною схіляецца. Неспакушанае сэрца! Хоча ўбачыць, ці кахаю я, I даверліва сціхае. Пад хмурынкамі павекаў Яе галава засыпае ў маіх далонях. Дзе ж мы цяпер? Адно непадзельнае: Жывыя, жывыя, Жывая, жывы! I мая галава ў яе сны пакацілася...

САМО ЖЫЦЦЁ

1932

ЛЕДЗЬ ЗМЕНЕНАЯ

Бывай, туга! Туга, дзень добры! Ты знаходзішся ў лініях столі, Ты знаходзішся ў вачах, якія я кахаю. Ты не самае горкае гора, Бо самыя бедныя вусны Ўпрыгожыла ўсмешкай. Туга, дзень добры! Каханне целаў мілых, Кахання сіла, Ласкавасць твая ўзнікае Страшыдлам без цела, Галавой падманутай, Туга з прыгожым абліччам!

НОЧЧУ НОВАЙ

Жанчына, з якой я жыў, Жанчына, з якой я жыву, Жанчына, з якой жыць буду, З’явіся ў чырвоным манто, У чырвоных пальчатках і ў масцы чырвонай, I ў чорных панчохах, Як доказ таго, што бачу я цела тваё... Чысціня непадробная, о, першароднае ўбранне,                                                   ўбранне, Грудзі. О, сэрца маё!

УСЕ ПРАВЫ

Прыкінься Ценем свежым красак веснавых, Самым кароткім днём і самай доўгай ноччу, Перадсмяротнаю пакутаю таго, хто ўбачыў прывід восені, Водарам ружы і мудрым апёкам крапівы! Рассцялі празрыстыя палотны На паляне тваіх вачэй, Пакажы злачынствы агню, плён яго натхнення, Вырай попелу яго! Пакажы, як з’ява няясная Змагаецца са стрэлкамі гадзінніка, Пакажы тыя раны, што праўда нанесла, Непахіснасць клятвы — Сябе пакажы! Не бойся, з’явіся ў крыштальным адзенні, Тваё ж хараство безупыннае. У вачах тваіх слёзы пяшчот і усмешак, У вачах тваіх няма нічога ўтоенага, Няма граніц.

НЕАБХОДНАСЦЬ

Без асаблівых цырымоній на гэтай зямлі,— Побач з людзьмі, якія захоўваюць Лагоднасць і абыякавасць I ў гушчары утульных няшчасцяў, I зусім недалёка ад сапраўднай дарогі, I пад пылам самых сур’ёзных спраў,— Я высвятляю адносіны: Паміж мужчынам і жанчынай, Паміж расплаўленым сонцам і гудзеннем вулля, Паміж зачараванымі пячорамі і белай завірухай, Паміж рогатам да слёз і сінімі кругамі пад вачыма, Паміж геральдычнай птушкай і маладзічком часнаку, Паміж свінцовым дротам і скавытаннем ветру, Паміж мурашкамі ля калодзежа і доглядам кустоў маліны, Паміж падковай і кончыкам пальца, Паміж кавалкам халцэдона і шыкоўнай зімой, Паміж цярноўнікам і наяўнасцю мімікрыі, Паміж соннай артэрыяй і спектральным аналізам солі, Паміж вечна-зялёнай хвояй і галавой пігмея, Паміж рэйкамі і рыжым голубам. Паміж мужчынам і жанчынай, Паміж маёй адзінотай і табой...