Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 19
Васіль Быкаў
Амаль лагодны сьпярша настрой Косьцікава пачаў прыкметна псавацца. Звыклы працэс прывядзеньня ў выкананьне прысуду яўна парушаўся, і прычынаю таму – гэты маскоўскі бандыт. Са сваімі беларускімі ворагамі Косьцікаў ня меў вялікага клопату, тыя заўсёды былі паслухмяныя і перад ямай паводзілі сябе, як авечкі. Турма, доўгія месяцы допытаў, суд ламалі іх канчаткова, і расстрэльваць такіх было нават нудна. Некаторыя, праўда (асабліва зь ліку партыйцаў), перад сьмерцю крычалі: хай жыве Сталін або камунізм ці сусьветная рэвалюцыя, мабыць, хітра разьлічваючы тым на ягоную катаву спагаду. Ён не пярэчыў: хай жывуць, калі каму хочацца, каб жылі, і заганяў чарговую кулю ў чарговую патыліцу. Ужо ён іх нагледзеўся, розных гэтых патыліц: чорных і рыжых, гладкіх і кучаравых, са срабрыстай сівізною і зусім голых, аблыселых. I ніхто ніколі не абразіў яго, не аблаяў нават, – што значыць, палітычна сьвядомы матэрыял, ня тое, што гэты крымінальны прыблуда.
– Выходзьце два адразу! – голасна скамандаваў ён ля машыны. – Ты, белагвардзеец, і ты, сраты паэта! Жыва!
Фэлікс Гром паслухмяна саскочыў з машыны і спыніўся, чакаючы напарніка. Валяр’янаў аслабела і нязграбна вылязаў з буды – павярнуўся на жывот, дацягнуўся нагамі да долу. Зьлезшы, нэрвовымі пальцамі пачаў зашпільваць гузікі бобрыкавага паліто. А можа, жонка ўсё ж выжыве, падумаў ён. Нешта ўсё ж значыць яе пралетарскае паходжаньне. Дый дзеткі… Хоць і без бацькоў, але ўсё ж лепш, чым нічога. Жыцьцё ёсьць жыцьцё, якое б там ні было…
У расшпіленай тужурцы з загадзя закладзенымі назад рукамі цярпліва чакаў апошніх камандаў Гром. Ён мала што бачыў вакол, вочы яго недарэчна змакрэлі, было страшна крыўдна за сваё да часу загубленае жыцьцё. Загубленае празь нядаўна яшчэ самае для яго сьвятое – паэзію. Будзь яна праклятая! Лепш растрасаць гной у калгасе, не чытаць ніякіх кніжак. Але хто ведаў, што ўсё гэтак скончыцца? Вельмі і вельмі шкада. З тым шкадаваньнем у душы ён і пайшоў да жоўтага пясчанага пагорачка, за якім яго чакала нішто.
Байцы ўжо сьцягнулі ў яму супакоенае цела Зайкоўскага. Рыхлы пагорачак быў дужа растаптаны іхнымі ботамі, беражок ля ямы стаў больш зручны, пляскаты. Валяр’янаў без напамінку апусьціўся каленямі на краі, тройчы перахрысьціўся і сьціх. Ён быў гатовы прыняць сваю доўгачаканую пагібель. Хацеў памаліцца, ды падумаў, што не пасьпее. Фэлікс Гром мясьціўся побач, штось яму замінала. Толькі Валяр’янаў зірнуў уніз і заўважыў, што тут неглыбока, як два нягучныя стрэлы ззаду звалілі абодвух у яму.
У машыне засталіся апошнія – Шастак і Сурвіла, і Косьцікаў крыкнуў ад ямы:
– Здраднік, выхадзі!
У дзьвярах паказаўся зьбялелы з твару Шастак.
– Я, што лі?
– Ты, ты! Выхадзі!
– Я ня здраднік. Я ўжо тлумачыў. Гэта ашыбка…
– Якая табе ашыбка! – вызьверыўся Косьцікаў. – Усё напісана і падпісана. Шагам марш!
Ушчэнт разгублены, зьбялелы, Шастак саскочыў з машыны і пачаў пасьпешна сутаргава пазяхаць, агаляючы гнілыя, абламаныя зубы.