Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 98
Сяргей Жадан
10.51
Спачатку Сабаку б’юць проста на плятформе, паступова навокал іх зьбіраецца натоўп, інвалід пасьпявае некуды зьбегчы, разам са шматкамі сваёй рэтра-машыны, потым паставыя зацягваюць непрытомнага Сабаку да сябе ў апарняк, прыкоўваюць кайданкамі да лавы, паліваюць вадой зь вядра і пачынаюць мачыць па-новай, хоць карысьці з гэтага ўжо і мала – Сабаку дык дакладна. У нейкі момант, калі ўжо ён, зноў непрытомны, ляжыць на мокрай падлозе, зь ягонага горла выбіваюцца дзьве стомленыя стронгі і, лупячы хвастамі па цэмэнтаванай падлозе, скачуць пад лаву і срэбна пабліскваюць паламанай луской.
Пад вечар ён усё ж прыходзіць у прытомнасьць, пакрыўджаны ім сэржант ужо зьмякчаецца, ладна, кажа, сука, давай, яжджай да свайго Харкава, каб я цябе тут ня бачыў, – убачу – заб’ю, яны з напарнікам загружаюць Сабаку ў вячэрні транзытны на Харкаў і папярэджваюць правадніка, каб той не забыўся ў Харкаве скінуць цела, праваднік перапужаны, але што рабіць, у вагон ён акрываўленага Сабаку не пусьціў, вынес яму вады, на, кажа, абмыйся, Сабака цяжка паводзіць разьбітай галавой, не зусім разумеючы дзе ён і хто ён. Так і сядзіць у тамбуры на падлозе да самага Харкава, там праваднік адчыняе дзьверы і дапамагае яму спусьціцца ўніз, Сабака робіць некалькі крокаў, але раўнавагі не губляе і ледзве ўтрымліваецца на нагах, потым усё ж зьбіраецца і выходзіць у горад. Праз гадзіну ён прыпаўзае да сваёй бабулі-вэтэрана, о, кажа бабуся, Віталік, дзе гэта ты быў? нармальна, кажа Сабака, усё нармальна, і падае каля лядоўні.
Праз два дні бабуля выклікае хуткую. О, у сваю чаргу кажуць дактары, у яго ж страсеньне мазгоў і ключыца, здаецца, зламаная, яны выносяць Сабачае цела на вуліцу і вязуць лячыць.
Празь некалькі дзён Сабака прыходзіць у прытомнасьць, дактары да яго хутка прывязваюцца, яго перастае нудзіць, так што, нібыта, усё ў парадку, Сабака нават пачынае падымацца з ложка і гуляць па калідоры, сябруе з пэрсаналам і наагул ідзе на папраўку. У суботу, калі ў аддзяленьні застаецца толькі дзяжурная сястра, Сабака залязае ў кабінэт загадчыка аддзяленьнем, знаходзіць там сьпірт, аскарбінку і яшчэ нейкія таблеткі, і ўсё гэта зжырае, не адыходзячы ад касы – у кабінэце загадчыка аддзяленьнем.
Наступнага ранку Сабаку знаходзяць на падлозе ў кабінеце, з рота Сабакі цячэ сьліна, яго пачынаюць адкачваць, адкачаўшы, думаюць – што з гэтай сукай цяпер рабіць. Пакідаць яго ў сябе пакрыўджаны пэрсанал адмаўляецца.
Лета Сабака праводзіць у дурцы. Ён хутка таўсьцее і дзічэе, сапраўдная табе дзікая сабака дзінга, у яго вырастае густая чорная шавялюра, удзень ён ходзіць у бальнічны сад і зьбірае яблыкі. Яблыкі Сабака прыносіць сваім суседзям, сам іх ня есьць, невядома чаму. Аднаго разу Сабака сустракае ў дурцы Чапая. Той ідзе засяроджаны, у спартовых штанах і драных кедах, і нясе ў руцэ тармазок, зь якога тырчыць рыльца пляшкі. Чапай Сабаку не пазнае.