Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 99

Сяргей Жадан

У верасьні Сабаку выклікае доктар, значыць так, кажа, Віталію Ільвовічу, задзяўбліся мы вас лячыць – неяк так ён яму кажа, магчыма не даслоўна так, але прыблізна – задзяўбліся, кажа, мы вас тут лячыць, так што зьбірайцеся. Куды? стомлена перапытвае Сабака. Ну, кажа, доктар, выбар у вас невялікі – або сядзеце, праўда не надоўга, або ў будбат. Я не хачу ў будбат, кажа Сабака, у мяне гэтыя, як іх – рэлігійныя перакананьні. Якія перакананьні? не разумее яго доктар. Рэлігійныя, кажа Сабака. Я мармон. Мармон? перапытвае доктар. Мармон, – менш упэўнена кажа Сабака. Значыць сядзеце, кажа доктар. Сабака выбірае ўзброеныя сілы. Доктар адпускае яго назад у палату, думаючы, як усё-ткі дрэнна пахне з рота ў гэтага хворага.

Больш я яго ня бачыў.

Эпілог №2

11.15

– Гэта ваш сябра?

– Сябра.

– Добры хлопец. Шкада яго.

– Шкада, – кажу. – А што мы маглі?

– Я нічога і не кажу. Проста кажу – шкада.

– Можа, яны яго адпусьцяць?

– Можа. Можа і адпусьцяць, – кажа цётка і змаўкае. Яна едзе з намі яшчэ ад Канцавой, таксама чакала на вакзале дзьве гадзіны, цяпер вось сядзіць насупраць і гаворыць.

– Бярыце, – нечакана кажа яна і дастае са сваёй бяздоннай торбы гумавую грэлку.

– Што гэта? – пытаюся.

– Сьпірт.

– Што – сапраўдны сьпірт?

– Так. Чысты.

– Адкуль ён у вас?

– З Польшчы прывезла.

– З Польшчы?

– Так. Езьдзіла, – кажа цётка, – тавар вазіла, амаль нічога не прадала. Пакідаць было шкада, вось, назад вязу. Бярыце, выпіце за свайго сябра.

– Ды ладна, – кажу, – ня трэба.

– Бярыце-бярыце, – кажа цётка і адварочваецца ад нас да нейкіх сваіх знаёмых з суседняй лавы.

Я бяру грэлку і паказваю Васю – маўляў, што – бахнем за спакой Сабачае душы? усё-ткі не ўратавалі таварыша-антысэміта, бахнем-бахнем, згаджаецца Вася, і дастае напаўпустую пляшку мінэралкі. Я адкрываю грэлку і наліваю зь яе ў пляшку, прыблізна вытрымліваючы прапорцыі, але вагон трасе, так што якія ўжо тут прапорцыі, закручваю грэлку, і мы пачынаем піць.

11.45

– Тут ёсьць сарцір?

– Адкуль тут сарцір? Тут нават стоп-крану няма.

– Мне трэба выйсьці.

– Давай на хаду.

– Ты што – не разумееш? Мне трэба выйсьці!

– Усё я разумею. Чаго ты крычыш.

– Калі наступны прыпынак?

– Адкуль я ведаю? – кажу я Васю. – Я тут у першы і, спадзяюся, у апошні раз еду.

– Прыпынак будзе хвілін праз 20, – кажа нашая знаёмая-кантрабандыстка. – Я там сыходжу. Але там прыпынак усяго пару хвілін. Так што ты не пасьпееш, – сьмяецца яна.

– Чуеш, – кажу я Васю. – не пасьпееш. Так што давай – ідзі ў тамбур.

– Не магу я ў тамбуры, – кажа Вася.

– Чаму?

– Не магу. Разумееш?

– Не.

– Я так не магу.

– Ну, пачакай, – кажу.

– І чакаць не магу.

– Перастань, – кажу.

– Ты што – не разумееш? – толькі і паўтарае Вася.

12.05

– Усё, я выходжу.

– Пачакай, – кажу. – Тут ехаць – 15 хвілін засталося. Патрывай крыху.