Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 97
Сяргей Жадан
Эпілог № 1
10.45
З вакзалу выходзіць патруль, ляніва акідвае вокам тэрыторыю і спыняе свой цяжкі позірк на інвалідзе. Яны падыходзяць да мужыка, пра нешта зь ім перамаўляюцца, інвалід ім усьміхаецца гэтаксама безьзьмястоўна, як і 45 хвілін таму ўсьміхаўся нам, яны насядаюць на яго з двух бакоў, нарэшце адзін зь іх, відаць старэйшы, не вытрымлівае і валіць з нагі па патэфоне, які пры гэтым адлятае ўбок і маркотна замаўкае.
– Трэба было забраць інваліда, – кажу я Васю.
– Куды – у лягер? Яны ж тут свае, павінны дамовіцца.
– Як свае? – кажу. – Глядзі, што, сукі, з машынай зрабілі.
Мы ўжо сядзім у вагоне сваёй электрычкі, якая вось-вось мае рушыць і назіраем, як інвалід спрабуе ўстаць і сабраць па кавалках кішкі свайго патэфону. Але адзін зь мянтоў, відаць малодшы, хутка падбягае да зламанай машыны і яшчэ раз падфутбольвае яе нагой, ад чаго патэфон зноў узьнімаецца ў паветра і, цяжка пераляцеўшы, падае каля самага ўваходу ў вакзал.
– Я зараз, – раптам кажа Сабака.
– Пачакай, – спыняю я яго. – Ты куды?
– Стой, Сабака, – крычыць Вася. – Мы ўжо едзем.
– Яжджайце безь мяне, – крычыць ён і выходзіць.
– Што зь ім?
– Ня ведаю, – кажа Вася. – Можа, яму херова.
– Давай выйдзем пачакаем, – прапаную я.
– Куды пачакаем? А Карбюратар? Хер зь ім – няхай застаецца. Прыедзем – забяром.
10.47
Электрычку ператоргвае і мы вырушаем далей на Ўсход, але яшчэ пасьпяваем убачыць, як наш сябра-габрэй-Сабака-Паўлаў падыходзіць да аднаго зь мянтоў, да таго, які старэйшы, паварочвае яго да сябе і прыцэльна зацэджвае яму проста ў ягонае сяржанцкае ябала, так што картуз валіцца на зямлю, ды і сам сяржант валіцца, але яму на выручку – пасьпяваем заўважыць мы – кідаецца іншы патрульны, той, які малодшы, а з самога вакзалу выбягаюць яшчэ двое ці нават трое ўблюдкаў ува ўніформе – пасьпяваем падлічыць мы – уласна, гэта і ўсё, што мы пасьпяваем. Электрычка ад’яжджае, давай, крычу я Васю Камуністу, рві стоп-кран, ты што – дурны? Пытаецца Вася, які стоп-кран, гэта ўсяго толькі электрычка, усё, кажа ён, праехалі.