Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 96
Сяргей Жадан
– Адкуль у цябе такія кнігі?
– Гэтую, што пра бомбы, я ў Чапая ўзяў. У яго іх там цэлы стос быў. А пра Ісуса Какава даў.
– А ў Какавы адкуль такія кнігі? – пытаюся.
– А ён, – адказвае Вася, – з мармонамі тусуе. Хаця не, не з мармонамі, з гэтымі, як іх – з баптыстамі.
– А якая розьніца?
– Мармоны могуць мець па некалькі жонак.
– Какаву гэта ня сьвеціць, – кажу. – Ён поўны мудак.
– Так, – згаджаецца Вася, – ён – поўны.
– Ведаеш, – кажа ён мне, памаўчаўшы, – я тут чытаў кнігі багасловаў розных, таксама Какава прыносіў. Прыкольныя, у прынцыпе, багасловы. Толькі мяне нэрвуе, што там пастаянна, калі яны цытуюць біблію, пішацца на кожнай старонцы «Ад Лукі», «Ад Яна», «Ад Мацея», разумееш? Так, ведаеш, нібыта ў электрычцы хтось ідзе, прадае атруту і крычыць – ад прусакоў! ад шчуроў! ад макрыцаў якіх-небудзь! Разумееш?
Я прыгаломшана гляджу на Васю. «Ад прусакоў»... Што ў чалавека ў галаве?
9.30
Дождж было відаць, яшчэ толькі ён зьявіўся там – уверсе, ужо тады было зразумела, што ўсё зараз апынецца тут, сярод нас, заставалася толькі чакаць, і вось, сапраўды – пачынаецца дождж, мы выбягаем на плятформу і бяжым у напрамку вакзалу, каля дзьвярэй, пад навесам, стаіць натоўп звар’яцелых ранішніх пасажыраў, якія спрабуюць выехаць куды-небудзь са сваёй Вузлавой, дождж падае ўсё шчыльней і шчыльней, падае на нас, падае на вакзал, на электрычку, на якой мы прыехалі, на некалькіх мужыкоў у аранжавых камізэльках, якія ідуць па плятформе і нібыта не заўважаюць увесь гэты дождж, увесь гэты натоўп, я раптам думаю, што на самой справе дождж не такі ўжо і халодны, нармальны дождж, нармальны летні дождж, падае сабе, куды мае падаць, чаго тут дужа замарочвацца, і я іду пад бліжэйшыя дрэвы, якія растуць побач з будынкам вакзалу, Вася і Сабака плятуцца за мной, мы спыняемся пад нечым хвойным і глядзім з-пад іголак на хмары, што разгортваюцца і разгортваюцца над бясконцымі рэйкамі, прапаўзаюць з поўначы на поўдзень, з усходу на захад, пакідаючы па сабе мокрыя цыстэрны і халодныя плыні ў сьцёкавых трубах, і калі гэта ўсё сканчаецца, недзе праз паўгадзіны,
10.00
калі дождж прыпыняецца і пачынаецца нармальны летні ранак, выходны дзень, дарэчы, з вакзалу выходзіць нейкі інвалід, ці проста алькаголік, нават ня ведаю – пэўна, проста п’яны інвалід, у адной руцэ ён трымае невялічкі зэдлік, а ў іншай – нейкую скрыню, зэдлік ён ставіць проста на плятформу, сядае сабе і ставіць перад сабой сваю скрынку, раскрывае яе, і – нішто сабе – аказваецца, што гэта патэфон, сапраўдны стары патэфон, як у тэлевізары, адным словам, інвалід дастае нейкую пласьцінку, штосьці там круціць і машына раптам пачынае працаваць, хто б мог падумаць, ён задаволена аглядае ўсіх дзембеляў і ўсіх мужыкоў у аранжавых камізэльках, але ніхто не ўдупляецца, што гэта за інвалід і што гэта за патэфон у яго на плятформе, тады інвалід заўважвае нас, і разумее – калі ў гэтым бэстыарыі хтосьці яго і ўспрымае, то хіба што гэтыя тры сонныя, мокрыя, зьнядоленыя прыдуркі – то бок мы, і ён усьміхаецца нам, маўляў – давайце, пацаны, ідзіце сюды, паслухаем райскія мэлёдыі для інвалідаў і юродзівых, калі яшчэ вы такое пачуеце, ідзце-ідзіце, ня бойцеся. Мы падыходзім да яго, ён працягвае нам усьміхацца, хоць, можа, ён на самой справе і ня нам усьміхаецца, ну, але ўсё адно прыемна, што не кажыце, мы сядаем побач і слухаем яго жорсткае, падранае і парэпанае вінілавае рэтра, Сабака таксама ўсьміхаецца і наагул распускае соплі, і я так сабе думаю – што вось і дзембелі, і аранжавыя мужыкі, і мокрыя дрэвы, і халодныя плыні – ва ўсім у гэтым нібыта нічога няма, ну, нармальныя мужыкі, нармальныя дзембелі, плыні нармальныя, але разам з тым, я сяджу зараз тут – на гэтым вакзале, побач зь незнаёмым інвалідам, слухаю гаўнянае, у прынцыпе, рэтра, але ёсьць у гэтым нешта правільнае, менавіта так і мае быць, і выключы адсюль зараз плыні, ці выключы адсюль аранжавых мужыкоў – усё адразу зьнікне, радасьць і спакой трымаюцца менавіта на вялікім лягічным яднаньні тысячы нікому не патрэбных, анамальных шызафрэнічных штук, якія, пры спалучэньні ў нешта адзінае, даюць табе ў рэшце рэшт поўнае ўяўленьне пра тое, што такое шчасьце, што такое жыцьцё, і галоўнае – што такое сьмерць.