Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 8
Сяргей Жадан
– Гэээээээээээээээй!!! Тыыыыыыыыыыыыыыыыыыы!!!!!!!!!!!!!!!
І мокрыя заўзятары ў бліжніх сэктарах зачаравана паварочваюць галовы і бачаць там Сабаку Паўлава, старога добрага Сабаку Паўлава, якога тут ведае кожны сабака, то бок кожны сэржант з рацыяй, ён зусім зьняможана павісае на жалезным мацаваньні, павярнуўшыся да трыбун, назавем гэта сьпінай, і працяжна вые кудысьці ў нікуды, ці як гэта назваць.
19.45
Чаму? Таму, што ты ня проста нейкі мудак, які зьмірыўся з існуючым несправядлівым станам рэчаў і са штодзённымі наёбкамі зь яго боку, таму што ты не зьбіраешся да канца сваіх дзён угрызацца ў чыёсьці горла за расфасаваную імі хаўку. Таму, што ты, у рэшце рэшт, маеш што сказаць, калі б нехта запытаў у цябе пра найгалоўнейшае, так што гэтага ўжо хопіць, думае Сабака, дакладней ён, вядома, у такім стане нічога падобнага ня думае, але каб ён мог зараз думаць, ён, мне здаецца, думаў бы менавіта так, таму ён пачынае лезьці ўгору па бэльцы, што падпірае дах, зьдзіраючы пальцамі старую зялёную фарбу і засохлае пташынае лайно, прыціскаючыся да халоднай трубы, асьцярожна цягнецца ўгору, перастаўляючы ногі па жалезнай канструкцыі, апынаецца акурат над галовамі сяржантаў, што на нейкі час забыліся на яго, над галовамі ўсіх сваіх мокрых і п’яных знаёмых, колькі іх тут ёсьць, над шчасьлівымі галовамі Вовы і Валодзі. Іх ён і пазнае і спыняецца акурат над імі, разглядае іх зьверху, думае, о, як клёва, калі працягнуць руку ўніз, можна абодвух падняць сюды, і ён цягне да іх руку і нешта ім кажа, нават не заўважаючы, як дрэнна ў яго пахне з рота.
І тут нашы закалочваюць мяч, і мокрыя горлы равуць – вау-у-у-у-у!!! – вау-у-у-у-у!!! – равуць яны, і ад гэтага рову сотні і тысячы сонных галубоў выпырхваюць
– О, Сабака, – крычыць Вова.