Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 6

Сяргей Жадан

18.25

Наступны раз у прытомнасьць Сабака Паўлаў прыходзіць ужо на стадыёне, добра вось так сядзець зь сябрамі, думае ён, на лаве, недзе пад нейкімі дрэвамі, што шумяць і хістаюцца ва ўсе бакі, не, раптам думае ён, гэта ня дрэвы, тады што гэта?

Празь некалькі сэктараў, зьлева ад іх, пад цяжкім чэрвеньскім дажджом, стаяць фанаты суперніка. Іх некалькі дзясяткаў, яны прыехалі зранку на вакзал і за імі цэлы дзень цягаецца некалькі патрулёў, на стадыёне ім адвялі асобны сэктар, у якім яны сумна махаюць размоклымі і разбухлымі сьцягамі. Яшчэ да перапынку нашыя, незадаволеныя вынікам і надвор’ем, прарываюць кардон і пачынаюць іх біць. Зьнізу, ад поля, падцягваецца рота курсантаў-пажарнікаў, міліцыя, зрэшты, не прыдумвае нічога лепшага, як выпхаць усіх са стадыёну, і пачынае адцясьняць народ да выхаду, пакуль яшчэ ідзе першы тайм; усе, ясная рэч, забываюцца на футбол і пачынаюць хварэць за нашых на трыбунах, каманды таксама больш пераймаюцца бойкай, чым вынікам, цікава ўсё ж такі, непрадбачана, тут на полі і так усё было зразумела – хтосьці пад канец абавязкова гульню салье, а там – бач ты, нейкая барацьба, зусім табе рэгбі, вунь і пажарныя па галаве ўжо атрымалі, а тут і тайм заканчваецца, і каманды неахвотна цягнуцца ў тунэль, міліцыя выносіць апошніх гастралёраў, таму, калі гульня аднаўляецца, сэктар пусты ўжо. Толькі растаптаныя і разарваныя сьцягі, нібы фашысцкія штандары на чырвонай плошчы, сьцяжэла ляжаць у лужынах, нашыя, хто ацалеў, задаволена вяртаюцца ў свае сэктары, найбольш зацятыя і прынцыповыя заўзятары едуць на вакзал – адлоўліваць тых, хто будзе вяртацца дадому; і тут, недзе на пятнаццатай хвіліне другога тайму, на трыбуны забягае яшчэ адзін гастралёр – зусім юны чувак, раскудлачаны і намоклы, дзе ён быў дагэтуль – невядома, але вось ён ужо дакладна ўсё найцікавейшае прапусьціў, ён убягае і бачыць сьляды пабоішча і рваныя сьцягі сваёй каманды і нікога зь сяброў; дзе нашы? – крычыць ён, азірнуўшыся на прыціхлыя трыбуны, эй, дзе ўсе нашы?! – і ніхто яму нічога ня можа адказаць, шкада чувака, нават ультрасы замоўклі, абарвалі сваё працяглае «судзьдзя – підарас», глядзяць сарамліва на гастралёра, няёмка перад чуваком, сапраўды – неяк непрыгожа выйшла, і чувак глядзіць зьнізу на заціхлыя сэктары і глядзіць на мокрае поле, на якім месяць гаць каманды, і глядзіць у халоднае і маларухомае неба і ня можа зразумець – што адбылося, дзе пацаны, што гэтыя клоўны зь імі зрабілі, і падбірае пагнутую піянерскую трубу, у якую да гэтага дзьмуў нехта зь яго палеглых сяброў, і раптам пачынае пранізьліва сьвісьцець у яе, плаксіва і роспачна, так што аж усе афігелі – трэба ж так, сьвісьціць, адвярнуўшыся і ад поля, і ад ультрасаў, і ад прыціхлых і прысаромленых пажарных, сьвісьціць нейкую сваю, толькі яму аднаму вядомую, гучную і фальшывую ноту, укладаючы ў яе ўсю сваю адвагу, усю сваю безнадзейнасьць, усю сваю чыста пацанскую любоў да жыцьця...