Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 9
Сяргей Жадан
– Сабака, мы забілі, – крычыць Валодзя.
– Здорава, – гаворыць Сабака і ўсьміхаецца. Упершыню за апошнія тры дні, дарэчы.
19.50 – 8.00
Вова і Валодзя не наважваюцца паказаць свае дакумэнты, таму да шпіталізаванага Сабакі іх не пушчаюць, яны тлумачаць, што яны сябры, нават родныя, далёкія, але ўсё ж такі родныя, але ім кажуць, што такіх родных, як Сабака, саромецца трэба, і ўкладваюць яго – п’янага і соннага – на насілкі, а потым запіхваюць у хуткую, чамусьці яны ўсе думаюць, што Сабака менавіта траўмаваны, а не п’яны, гэта яго і ратуе, яго не забіваюць на месцы, як гэтага вымагаюць інструкцыі паводзінаў для сяржантаў, старшынаў і мічманаў пры гераічнай абароне спартыўных комплексаў і месцаў масавага адпачынку працоўных падчас правядзеньня там футбольных матчаў, палітычных мітынгаў ды іншых фізкультурна-асьветніцкіх шабашаў. Нейкі сэрдабольны сяржант нават падыходзіць да кіроўцы хуткай, запісвае яго каардынаты, пакідае яму свой працоўны тэлефон і загадвае неадкладна імчаць цажкапараненага Сабаку, а заўтра, калі нічога сур’ёзнага ня здарыцца, прывезьці яго залатанае цела да іх у руус для далейшых лябараторных дасьледаваньняў, там яны і высьветляць, што гэта за Гагарын наябнуўся ім на галовы. Кіроўца бярэ пад казырок, ну вы разумееце, пра што я, і хуткая зьнікае за зялёнай брамай стадыёну, разганяючы сваімі сырэнамі мокрых заўзятараў, у вясёлым віры якіх губляюцца і Вова з Валодзем – бо перамога прадугледжвае гуртаваньне і радасную калектыўную масу, салюты і зладжаны харавы сьпеў, і толькі параза, горкая асабістая параза, не прадугледжвае нічога, акрамя п’яных санітараў і апарату штучнага дыханьня, які, да таго ж, і не працуе, дакладней не – ён працуе, але ніхто ня ведае як.
Да раніцы Сабака абрыгвае ўсе прасьціны, у якія ён быў загорнуты, і выклікае рэзкую агіду з боку мэдычнага пэрсаналу. Дзяжурныя мэдсёстры намагаюцца кудысьці дазваніцца, знайсьці тых далёкіх родзічаў, якія хацелі гэтую навалач забраць яшчэ там – на стадыёне, але тэлефону ніхто ня ведае, у Сабакі з усіх дакумэнтаў знаходзяць толькі вэтэранскае пасьведчаньне, выданае на імя Паўлавай Веры Навумаўны, усе разглядаюць гэта пасьведчаньне – пашарпанае й абгарэлае па краях – але Сабака, хоць ты забі, на Паўлаву Веру Навумаўну ня цягне, яны на ўсякі выпадак яшчэ глядзяць па картатэцы і са зьдзіўленьнем высьвятляюць, што, згодна зь іхнымі запісамі, гэтая самая Вера Навумаўна яшчэ тры з паловай гады таму богу душу аддала, але ў гэтых картатэках такое трапляецца, гаворыць старшая дзяжурная медсястра, поўнасьцю прызнаць, што перад ёю такі не Паўлава Вера Навумаўна, а нейкі неідэнтыфікаваны ўёбак, яна адмаўляецца, таму зранку яны вызвоньваюць кіроўцу з хуткай, той толькі што адпрацаваў зьмену і з гэтай нагоды піў усю ноч, таму пра Сабаку зразумеў не адразу, сказаў, што ніякай Веры Навумаўны ён учора са стадыёну не прывозіў, бажыўся, што жанаты і што з жонкай у іх усё добра, нават сэкс зрэдчас бывае, калі ён не на зьмене, ну, але зрэшты зразумеў, пра што вядзецца, і выдаў мэдсёстрам тэлефон сяржанта, што цікавіўся ўчора далейшым лёсам падабранага Сабакі. Мэдсёстры кідаюцца тэлефанаваць сяржанту, гавораць, што, маўляў, бяда, таварыш сяржант, у нас тут ляжыць абрыганы неданосак, які-які? з ранішняй бадзёрынкай у голасе перапытвае сэржант і тут такі пачынае запісваць, запісваю, кажа ён – аб-ры-га-ны, ну-ну? вось, кажуць мэдсёстры, мала таго, што абрыганы, дык ён яшчэ і бяз пашпарта, так-так-так, адказвае на гэта сяржант, не так хутка – ма-ла-та-го-што-аб-ры-г, слухайце, раптам пытаецца ён, ну, а мне-та што, можа ў яго страсеньне мазгоў? Няма ў яго, – кажуць сёстры – ні страсеньня, ні мазгоў, ён наагул нейкі дэзэртыр, ходзіць з чужымі дакумэнтамі, ага, ажыўляецца сяржант, з чужымі, яшчэ і абрыгаў нам тут усё, – ня могуць супакоіцца сёстры, ну, гэта вы добра, сувора гаворыць сяржант, давайце, цягніце яго да нас, але хутчэй, у мяне а дзявятай зьмена сканчаецца, а напарнік мой зь ім цягацца наўрад ці захоча – у яго ціск. Зразумела, кажуць сёстры, ціск.