Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 7

Сяргей Жадан

19.30

Пад самым дахам, над апошнімі радамі, сядзяць сонныя галубы, якія ўжо звыклі да паразаў нашай каманды, і сонна буркочуць, жывуць сабе, нікому не перашкаджаюць, прыкольныя мокрыя зграі, але вось Сабака слухае іх скрозь сон, яны яму зьяўляюцца ў ягонай алькагольнай прастрацыі і выцягваюць яго адтуль, ведаеце, такі дзіўны стан, калі ты адным вокам бачыш сьвятло сьпераду, а іншым, як бы гэта патлумачыць – іншым ты бачыш тое, што можна, напэўна, назваць іншым бокам сьвятла, ну, вы разумееце, адным словам, калі табе адначасова паказваюць вельмі многа, але ты ў такім стане, што ўбачыць ужо нічога ня можаш. Ды й ня хочаш. Таму Сабака спаўзае на цэмэнтную падлогу і пачынае адпаўзаць у бок праходу, трушчачы сваімі змучанымі грудзямі сланечнікавае шалупіньне, недапалкі і лятарэйныя білеты. Адпаўзае да праходу, устае на ногі і нерашуча рушыць наверх, да апошняга раду, чапляецца там за мэталічнае мацаваньне і павісае на ім зусім бязь сілаў – ня ўпасьці на трыбуну і не прыціснуць заўзятараў якіх-небудзь калі ўпадзеш трэба будзе выбачацца з кімсьці сутыкацца, штосьці гаварыць і тады ўсе адразу адчуюць як дрэнна пахне ў цябе з рота і адразу здагадаюцца што ты піў так што галоўнае ні з кім не гаварыць і ні да каго не зьвяртацца а калі ўпадзеш абавязкова з табой хто-небудзь загаворыць і не адкруцішся потым скажуць што ў цябе так з рота дрэнна пахне дакладна ўнюхаюць толькі пачнуць гаварыць нават калі адвярнуцца і гаварыць убок усё адно ўнюхаюць хіба што добра адвярнуцца і так гаварыць. што гаварыць? што трэба гаварыць каб яны не даведаліся? што я павінен сказаць? хутчэй а то заўважаць скажуць што-небудзь. што скажуць? скажуць чаму маўчыш? не крычыш? чаму я не крычу? трэба крычаць інакш яны заўважаць што ў мяне дрэнна пахне з рота скажуць што ў мяне дрэнна пахне з рота таму што я не крычу або падумаюць што я п’яны таму што я не крычу што я павінен крычаць? што я павінен крычаць? ну што я павінен крычаць? трэба запытаць у каго-небудзь трэба адвярнуцца і запытацца або адвярнуцца і закрычаць тады ніхто нічога не заўважыць усё адно не заўважаць такі шум стаіць добра я крыкну штосьці ў бок ніхто не пачуе як у мяне дрэнна пахне з рота але ўсе заўважаць што я крычу значыць я не п’яны нармальна гэта я нармальна прыдумаў толькі што крыкнуць ну што ж мне крыкнуць што яны ўсе крычаць? пра судзьдзю пра судзьдзю толькі крыкнуць убок каб не пачулі і каб не заўважылі неяк так патрэбна крыкнуць і абавязкова пра судзьдзю тады будзе нармальна – і тут наш форвард вывальваецца сам-насам з брамнікам і б’е, проста хуячыць з усяе моцы, некалькі тысяч мокрых заўзятараў заміраюць, затрымліваюць, можна сказаць, дых, і тут за іхнымі сьпінамі ў вільготнай цішыні роспачна лунае: