Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 125

К Акула

Калi акупанты наважылi падрэзаць беларускiя народныя карэньнi, дык хапiла iм адно зьменшыць плошчу зямельнае сялянскае ўласнасьцi. Гэтак рабiлi Палякi, панасылаўшы сюды сваiх асаднiкаў, якiя - згодна словаў дзеда Якуба, - адбiралi ў жабракоў торбы. Сьцiснутыя на малых i малаўрадлiвых дзялках, сяляне, быццам сьпелыя грушы, падалi ў панскiя капялюшы, рабiлiся бяспраўнымi парабкамi. Акупант адным стрэлам забiваў двох зайцоў: быццам чарвяк - спачатку аслабiўшы яго - тачыў здаровы народны сялянскi арганiзм, а кантролю над гэтым зьнядужэлым гаспадарча целам перадаваў у рукi паноў, асаднiкаў i пануючых бюракратаў.

Беларускiя сяляне - хоць гэткай думкi некаторыя гладка й выказаць не маглi-б - добра разумелi, што зямля была асноўным апiрышчам процi чужацкае асымiляцыйнае навалы. Калi нават вясковы чалавек iз свае волi йшоў у места цi далейшы сьвет, так i глядзi, што прапасьцi мог. У кожным выпадку надвое трэба было варажыць. Як ссохнуць цi зьнядужыць магло кволае дзiцё, адлучанае ад матчыных грудзей, гэтак сялянскi сын мог прапасьцi безь зямлi-маткi.

Дзiва няма, што слова "зямля" было найбольш зацяганым на языкох лiтоўскiх дый наагул усiх беларускiх сялянаў. Аб зямлi заўсёды гаманiлi, пра яе марылi, за яе змагалiся, сварылiся, судзiлiся. На вузкапалосiцах адзiн другому пераворваў, перакошваў i iншае. Зямля мела вялiкую вагу ў сялянскiх жанiцьбах. Так i глядзiш, як каторая дзеўка пайшла замуж не за чалавека, а за зямлю; iншы дзяцюк за зямлю падаўся ў прымы, а яшчэ iншы браў дзеўку толькi таму, што зямля ў пасагу была.

Прыслухайцеся да звычайнае вясковае гаворкi: усюды, як бiнзiна на паверхню вады, выплывае тэма зямлi цi безьзямельля. А нават калi й ня выплыве, дык адчуваць будзеце, што яна тут недалёка дзесь, зусiм побач, у думках i ў мяркаваньнях неадступна прысутная. Вясеньняя сяўба цi касавiца, жнiво цi малацьба, ворыва цi мяцьцё лёну - праз усе цыклi прац, зьвязаных iз гадавымi порамi, чырвонай нiткай праходзiла тэма зямлi й безьзямельля. I не ўяўлялi людзi безь зямлi жыцьця, дарма, што сьцiснутыя, чужнiкамi ў лапцi абутыя, гаспадарча зьнядужэлыя, самi, як карчы, у зямлi гэтай трухлелi, ды побач новыя парасткi, чужнiком таптаныя, пускалi ад старога карэньня.

Пасьля зямлi ды сямейных справаў другой найбольш аблюбаванай тэмай у гамонках лiтоўскiх сялян была палiтыка. Палiтыканствам займалiся пераважна старэйшыя. Цiкаўнасьць да палiтычных падзеяў у сьвеце далёка за межамi родных Лiтоўцаў i польскае дзяржавы сягала сваiмi карэньнямi ў далёкую мiнуўшчыну. Ведалi людзi, што калi дзе вецер разьдзьмухае якую большую буру, дык ня мiнуць ёй iхнае краiны й Лiтоўцаў. Гэтак было раней, так магло быць i ў будучынi. Гэта-ж i да гэтага часу яшчэ Напалеонавых "Пранцузаў" памiналi, дый усяго васямнаццаць гадоў назад прайшла апошняя й найжахлiвейшая вайна. Ня гэтак важна, што разважаньнi мяйсцовых палiтыканаў часта былi недарэчныя й наiўныя (пераважна таму, што да сяньняшнiх часоў i гаспадарстваў падтасоўвалiся ўчорашнiя меркi); важны сам факт, што палiтычныя падзеi ў сьвеце паланiлi ўвагу працавiтых лiтоўскiх людзей.