Читать «Дзяльба кабанчыка» онлайн - страница 6
Віктар Карамазаў
Той спахмурнеў, пачаў азірацца:
— Мой шмаравоз тут быў?
А Віця ўжо выскачыў на агарод і паўз плот, сагнуўшыся, краўся ў бок свайго саду. Лёнік заўважыў, схапіў камлюжыну — яна грукнула ў плот за спіною ў хлопчыка, рассыпалася. Віця на момант прыпыніўся, спалохана азірнуўся і памчаў, аберуч трымаючыся за штаны, каб не згубіць.
Сцяпан і Лёнік пасмяяліся, пайшлі ў хату.
У матчынай хаце, як у кожнай вёсцы, гэтак адвеку вадзілася: дзень, калі білі кабана, быў святам, за стол збіралі гасцей. Праўда, цяпер госці не тыя, што некалі, пры бацьку, тады іх прыходзіла болей. I пілі болей, і елі болей. Цяпер каго маці пакліча? Жанчыны па хатах не хадзілі, а мужчын не было каму клікаць. Хіба Сцяпану? Але яго сябры разбрыліся па гарадах, як ён сам, нікога такога, яму роўнага, акрамя Лёніка, не засталося. I ўсё ж — як раней, у сенцах і хаце моцна пахла смажанай свежыною, гарачай бульбаю, на стале свежына стаяла і ў чыгунку, залітая гарачым тлушчам, і на скаварадзе — еш, хоць расперажыся.
Ледзь селі за стол — вароты рыпнулі. Маці першая пачула, усхапілася да акна, фіранку адкінула:
— Нашы прыехалі! Коля... А з ім гэта хто? Волька, мабыць? Можа, і Андрэйка?..— Выбегла за парог, а следам і Ніна. •
Лёнік з-за стала нават не ўстаў, а Сцяпан да акна падышоў — паглядзець на гасцей. Бялюткі «жыгуль» стаяў пасярэдзіне двара. Правыя дзверцы адчыніліся, і з машыны вылезла Вера, сярэдняя Сцяпанава сястра. Маці і Ніна падбеглі, расцалаваліся і ўжо ўтрох стаялі, гаманілі, паглядаючы на машыну, чакалі, калі з яе пакажацца Коля, матчын старэйшы зяцёк. Той марудзіў, але нарэшце асмеліўся вытыркнуць прыгнутую лысую галаву — зяць ледзь пралазіў у малыя дзверцы, бо і таўсты, і высокі, не сказаць каб здаровы, проста таўсты і высокі, тварам ружовы, нібы той кабанчык, якога пашкрэблі, памылі цёплай вадою. У шэрым світэры, на які маці некалі прала ніткі, на шыі — доўгі, хамутом, шалік, у джынсах, вышараваных да белага бляску на каленях. Вылез і стаіць, галавы не падымаючы. Насупраць маці, Вера, Ніна, а ён уставіўся на кола, быццам акрамя кола нічога і нікога іншага не існуе. Хай ужо Ніна, якую таксама, дарэчы, даўно не бачыў, дык жа маці... Не, падняў галаву, заўважыў:
— Здрасце!
Падышоў, руку падаў, чубам — трыма валасінамі — матлянуў ветліва, вочы адвёў на хату, на акно.
Сцяпан адышоў ад акна, сеў за стол.
— Налівай. Ну іх... Скваркі астынуць.
— Пачакаем. Няёмка.
Сцяпан чакаць ды цярпець не жадаў:
— Будзе ёмка, як вып’ем.
Сам наліў, але падняць чаркі не паспелі — адчыніліся дзверы, парог пераступіў Коля, за ім Вера, а следам Ніна і маці.
— Як кажуць, з карабля на бал? — паспрабаваў жартаваць Коля, плюючы на далонь і далонню прылізваючы на галаве апошнія тры валасіны.
Падаў Сцяпану і Лёніку пухлую, нібы свежая аладка, руку, усміхнуўся абодвум, але Сцяпан не адказаў на ўсмешку.
— Што Андрэйку не ўзяў з сабою? — спытаў.
— У школе, хай вучыцца. А Волька прыхварэла, бок ломіць. Прастыла, відаць. Мы з Вераю ўдваіх. Думалі, што і ты, Сцяпан, з намі паедзеш...
Сцяпан не любіў ездзіць у швагравай машыне. У аўтобусе едзеш — ніхто цябе не ведае, нікому ты на патрэбны, хочаш — глядзі ў акно, хочаш — спі, хочаш — думай сваё, ніхто нічым не папракне. I людзей наслухаешся, дазнаешся, хто чым жыве. А ў швагравай машыне і размовы даўно знаёмыя, адно таўкуць ды таўкуць штодня, і ўсё ім, яму і сёстрам. Сцяпан не такі, за іх дурнейшы, усе яго, малодшага, вучаць, як сказаць, як сесці, куды запалку ці недакурак кінуць, крый божа — пад ногі: з’ядуць. А калі і маўчаць, дык не лягчэй таксама, нудна.