Читать «Дзяльба кабанчыка» онлайн - страница 5
Віктар Карамазаў
Калі кабана разабралі, расклалі ў тазы, у ночвы, тады прыехала Ніна, малодшая Сцяпанава сястра. Жыла яна блізка, у суседнім раёне, у вялікім рабочым пасёлку, там была замужам, рабіла фельчарыцаю, але ў вёску, хоць і блізка, наведвалася радзей, як старэйшыя сёстры з Мінска. Яе прыезду маці не чакала і таму, відаць, абрадавалася болей, як сыну: кінула і кабана і катоў — бегма насустрач.
Сцяпан у гэты час паліў салому, на якой смалілі. Падкінуўшы мокрую ў агонь, паглядзеў на сястрыцу ў белым плашчыку, чырвоным берэціку, лакавых чаравічках, таксама падышоў:
— Во... хоць кабанчык прывёў да маці.
Хацеў сказаць жартам, ды атрымалася злосна. Думаў, што і сястра жартам адкажа, а яна ўскіпела:
— Можа, ты яго гадаваў?
Схапіліся, як чужыя, не паспеўшы павітацца. Але маці не дала волі іхняй спрэчцы:
— Збегай, сынок, у магазін. Бутэльку я вам з Лёнікам прыпасла, ды як на ўсіх — мала будзе.
— Не трэба,— запыніла, супакойваючыся, Ніна.— Я таксама прывезла.
— Ну дык... А дзе ж гэта Лёнік дзеўся?
— Пайшоў сваім свінням даць. Пазней прыйдзе.
— Тады, сынок, сечкі нарэж. Трэба запарыць карове, цяляці. Вось ты, Ніна, доктар. Што гэта ў мяне з рукою? Баліць і баліць. Нічога падняць не магу.
— Можа, сячкарняю сарвала?
— А што ты думаеш?..
Пакуль да сячкарні, Сцяпан прынёс суды вады, вядро ўліў у таз з кішкамі, унёс у хату тазы з мясам і салам, у хаце, у зале, на падлозе раскінуў цырату і расклаў на ёй свежыну. У печы маці не паліла, каб свежына астывала. Пазачынялі ад катоў дзверы. I тады Сцяпан пайшоў у хлеў.
Дзе сячкарня, там і салома — кладзі пад нож, раскручвай кола. А яно чыгуннае, цяжкое. Сцяпан знайшоў пад страхою маслёнку, змазаў шасцерні, вал, наклаў у латачыну саломы, падсунуў пад нож, налёг на кола. Гэта адно спачатку, на першых кругах, цяжка, а пасля, як раскруціш, кола бяжыць і бяжыць, паспявай рукою махаць: чах-чах, чах-чах. Аднаму, праўда, нязручна: і круці, і салому падкладай. Спіна пруцянее.
— Дзядзька Сцяпан? — скрозь грукат кола і чахканне нажа пачуўся заклапочаны Віцеў голас.
Азірнуўся:
— Што?.. Пасобіць прыйшоў?
— Хай табе бог пасобіць.
— Бог? — здзівіўся Сцяпан.— Ты гэта ад каго пачуў?
— Ад каго? — Віця пашкроб пяцярнёю цемечка, надзьмуўся, вочы адвёў убок, быццам нялёгкае штосьці думаў.— Бацька казаў...— пасоп у нос, зірнуў спадылба на Сцяпана.— Казаў, каб ты садзіўся за стол, яго не чакаў. Яму дурна. Учадзеў ад гэтай, ліха на яе, лямпы.
— Ты што кажаш? — не паверыў Сцяпан.
— А што чуеш.
Цяпер ужо Сцяпан чухаў патыліцу — не чакаў такога. Ды і Лёнік не казаў, каб учадзеў, пайшоў, паабяцаўшы вярнуцца, як дасць свінням. Каб на двары, на ветры ўчадзець?
— Ну я да яго збегаю.
Але Віця загарадзіў дарогу:
— Хай стары спіць. Можа, яму палепшае.
I тут Сцяпан убачыў суседа. Той стаяў пасярод двара ўжо ў касцюмчыку, чаравіках — курыў. Сцяпан абрадаваўся, паспяшаўся з хлява, забыўшы на Віцю.
— Што з табою?
Лёнік глядзеў, не разумеючы:
— Ты пра што?
— Ды галава, кажу... Чаго яна раптам хапіла?