Читать «Дзяльба кабанчыка» онлайн - страница 13
Віктар Карамазаў
I Коля вылез з машыны, падышоў да Сцяпана:
— Ну?..
— Едзьце,— сказаў Сцяпан.— Мне трэба ў вёску.
— Ты што?.. Што ты там забыў?..
Звесіўшы голаў, Сцяпан глядзеў на гарбуз, які трымаў у руках, і не ведаў, што з ім рабіць, але здагадаўся — сунуў яго Колю ў рукі, сам павярнуўся і пайшоў назад, у вёску. Чуў, як з машыны выскачыла Вера, крычала наўздагон:
— Сцяпан, куды ты? —Прасіла-маліла: —Дамоў паехалі, Сцёпа! Ці чуеш, Сцёпка?!.
Вароты былі ўсё яшчэ адчыненыя. Ён зайшоў праз іх на двор. Усюды ціха, нідзе ніякага жыцця.
«Дзе ж ты, мама?» — падумаў.
Яна, відаць, была ў хаце, але ён у хату не пайшоў. Пастаяў пасярод двара, агледзеўся, як даўно тут не быў, і падаўся да хлява.
З будкі выскачыў Арсік. З той самай радасцю, з якою сустракаў учора, ад аўтобуса.
Сцяпан адчыніў хлеў.
Сечкі пад сячкарняю не было ані каліва, маці ўсё падгрэбла, што ён учора нарэзаў. Сцяпан наклаў саломы на латачыну, пад нож — пусціў кола. Яно закруцілася лёгка, быццам не жалезнае, не чыгуннае.
Спыніўся, каб скінуць куртку. Павесіў яе на цвік у сцяне — і зноў сечка сыпанула пад ногі.
— Сцяпан?..— Вось яно, матчына здзіўленне.
Выпусціў кола, разагнуў спіну — яна стаяла, разгублена глядзела яму ў твар вузенькімі галубінымі вочкамі.
— Хай едуць,— адказаў ён.— Я дарогу знайду.
Але маці ў яго ні пра што не пыталася, і гэта да яго дайшло. Яму вечна здавалася, што маці яго не разумее, а яна разумела, як сябе, бо ён быў яе часцінкаю — целам і душою. Таму, напэўна, загаварыла, нібы спавядаючыся:
— Каму ж я, сынок, раблю? Вам і раблю. Мне той кавалак не палезе ў горла, калі вам не аддам.
Яму захацелася суцешыць маці, сказаць тое самае, чаго не паспеў сказаць бацьку, чаго бацька ўжо ніколі не пачуе ад яго, але дыханне перахапіла:
— Мам-м...
Адвярнуўся, аберуч схапіўся за кола сячкарні і з усёй сілы, прагна, злосна пачаў круціць, не думаючы, ці ёсць у латачыне салома. Кола бегла лёгка, але раптам пайшло цяжэй, сечка пасыпалася гусцей, і праз мрою, цёплую і плыткую, нібы летняя рачная вада, Сцяпан убачыў спачатку штосьці белае, жывое і белае, нібы каціная лапка, а пасля, у той самай мроі, разгледзеў матчыны рукі. За колам, у латачыне, яны трымалі салому, совалі пад нож.
Бегла вакол свае восі кола, чахкаў нож, сечка сыпалася пад ногі, а Сцяпан круціў і круціў, не адводзячы вачэй ад белай анучкі на матчыным пальцы.