Читать «Дзяльба кабанчыка» онлайн - страница 4
Віктар Карамазаў
— Нешта ты на бацькоў вярзеш? — спытаў.
Хлопчык глянуў на яго яснымі разумнымі вочкамі:
— Быў у мяне дзед Ёська, тады жылося весялей. Ці помніш дзеда Ёську? Во гэта быў дружбак!
— Тут ты ўжо загнуў дык загнуў! — не ўтрымаўся, зарагатаў Сцяпан.— Дзед Ёська тры гады як памёр.
— А я і кажу, што памёр. Я і шкадую,— яшчэ мацней, перажываючы, нахмурыўся Віця.
— Адкуль ты яго памятаеш? Табе тады было тры гадкі. Якія ў вас маглі быць размовы, справы?
Віця засоп, скрывіўся, адно вока хітра заплюшчыў, другім уставіўся на Сцяпана — з прыкрасцю, болем:
— Бачу, што і ты не лепшы за майго бацьку. Усе вы... Акрамя дзеда Ёські. То быў чалавек!
Да матчынай хаты Сцяпан бег вясёлы: ну і малы! Прыбег, а кабан ужо ляжыць на баку ля хлява, над ім стаяць маці з Лёнікам, гадаюць, колькі заважыць — пяць ці шэсць пудоў? Маці давала меней, а Лёнік болей. Ён смяяўся, што ўсе жанчыны са сваім вечна хаваюцца, даюць свайму меней, як чужому, а мужыкі, наадварот, сваё перад чужым не зганяць ніколі.
— Дзе ж праўда? — маці дапытвалася ў Сцяпана.— Як па-твойму? Пяць ці шэсць?
— Не ведаю. Во... вам сюды б Віцю.
Лёнік рэзка, аж са злосцю, сунуў швайку ў сцяну хлява, у шчыліну, сумнымі вачыма паглядзеў на Сцяпана, хацеў штосьці адказаць, ды змоўчаў, адно спытаў:
— Дзе твая салома?
Кабана вынеслі за хлеў, паклалі на чыстую саломку, у пашчу ўсунулі камень, як рабілі заўсёды перад смаленнем. Лёнік распаліў паяльную лямпу. Прынёс сваю і Сцяпан.
Маці прытарабаніла вялізны чыгун з цёплай вадою, вядро халоднай — абліць гарачыя кішкі,— чыстыя анучы, нажы.
Лёнік трымаў у кожнай руцэ па лямпе, двума слупамі агню зганяў поўсць, распаленую да чырвані, да залацізны, якая тут жа і гасла, асыпалася шэрым прысакам. Сцяпан трымаў кабана за ногі, падварушваў, каб Лёніку лаўчэй было смаліць, следам за лямпаю абшкрабаў гар і так захапіўся, што не бачыў нічога, акрамя кабана, суседавых рук з лямпамі ды нажа ў сваёй руцэ. Абодва стараліся, як сабе. Абсмалілі і абшкрэблі з аднаго боку, пасля, перавярнуўшы кабана, з другога, паклалі на спіну і абсмалілі жывот, ногі, пахвінне.
Нарэшце Лёнік адставіў лямпы, абшкроб і абмыў вушы, лыч, хвост, капыты. Кабанчык быў гатовы. Ён ляжаў чысты, румяны, быццам пірог, які толькі што дасталі з печы. Сусед млосна разагнуў спіну, у добрым настроі ўсміхнуўся цётцы, рады і сваёй удалай рабоце, і ўдаламу кабану, і памочнікам.
Шырокі стары ўслон, які Сцяпан спусціў з гарышча, аблілі вадою, абцерлі, паклалі на яго кабана, пад бакі, каб не скаціўся, падсунулі паленне. Сцяпан ухапіўся за пярэднія ногі, стаўшы ля галавы, а Лёнік, трымаючы заднюю левую, прыклаў нож да грудзіны.
— Кубак, цётка Ганна! Кроў выбіраць. А куды зліваць? Не выліваць жа дабро?
Яшчэ кроў не выбраў — зноў каманда:
— Чысценькую анучку...
Маці толькі на падачы стаяла ды падказвала як гаспадыня, куды што класці. Праўда, быў яшчэ клопат пільнаваць катоў, каб каторы не звалок кавалка. Двое вусатых сядзелі на плоце, маўчалі, а свой Васіль, здаровы драпежнік, нібы рысь, шэры з белымі лапамі, падбіраўся ўсё бліжэй да свежыны, каўкаў і аблізваўся. Маці зладзюгу ведала — вачэй з яго не зводзіла.