Читать «Дзяльба кабанчыка» онлайн - страница 2
Віктар Карамазаў
— Да доктара ці хадзіла?
— А што доктар? Кажа, гэта ад нерваў. Ад сэрца. А калі так, то якое лячэнне?
— Як жа ты робіш? — паспачуваў Сцяпан.
— А так і раблю. Пасяджу, пастагну, крыху адпусціць. А пасля зноў. Добра, што прыехаў. А то б і не ведала, як з кабаном управіцца.
— Гэта мне Волька сказала, каб ехаў, што ты кабанчыка біць надумала. Учора б выехаў, ды рабіў позна, у другую змену. А сёння ў мяне выхадны. I заўтра.
— Волька ж прыедзе?
— Абяцала.
— А Вера? Яна ці ведае?
— Волька званіла.
— Каб хоць раз усе сабраліся. А то на каляды вас не дачакаешся. Веру ад самай вясны не бачыла. Гразілася, што сенаваць прыедзе, і не прыехала. Забываеце на вёску, на матку.
Яна залыпала вачыма, і Сцяпан, ведаючы, якія лёгкія ў яе вочы на слёзы, паспяшаўся загаварыць пра іншае:
— Ідзём, кабана пакажаш.
Яна адчыніла хлеў, і цёплы, густы дух гною чухнуў у твар, выкаціўся на двор, а з двара святло ўкацілася ў хлеў, высвеціла высокі груд саломы ад сцяны, пад страхою, сячкарню, нацярушаную пад ёю сечку, з другога боку — загарадзь, слупы і жэрдкі, паабгрызеныя кабанамі, закарэлыя. Кабаны совалі паміж жэрдак лычы, доўгія і шэрыя, нібы ў дзікоў, рохкалі, грызлі жэрдкі, варушачы ружовымі пятакамі,— прасілі есці.
Маці падышла да загарадзі, і Сцяпан падышоў, стаў побач. Глядзелі на кабаноў. Іх было два, не вельмі ўкормленыя, але рослыя, роўныя — як адзін, так і другі, не адрозніць. Для маці затое не аднолькавыя:
— Вось гэтага вастралычага прыбяром. Вась-Вась!..— злавіла свінячае вуха, пачухала.— Гэты слабей есць. Абодва елі — толькі давай, хапалі, а пасля што з гэтым зрабілася?..
— Ну... пайду па Лёніка.
Сцяпан выйшаў на вуліцу. За веснікамі пастаяў, агледзеўся. Вуліца была пустая: ні людзей, ні сабак, ніводнай жывой душы. Падумаў, што ўжо даўно не раніца, трэба спяшацца, але пачуў, як за спіною звякнулі матчыны вёдры,— схамянуўся: трэба ж вады прынесці, каб маці хоць сёння не рвала хворыя рукі. Але яна ўжо заварочвала за хлеў, дзе калодзеж.
Вокны Лёнікавы на тым самым баку вуліцы, што і матчыны, праз тры двары. Сцяпан прасунуў руку між штыкецін, адкінуў зашчапку, прычыніў за сабою веснікі, па раўнюткім, з дошак, тратуарчыку прайшоў да новага ганка. Не спяшаючыся ў хату, агледзеўся, падзівіўся, як Лёнік, малады гаспадар, на якія тры гады старэйшы за Сцяпана, усё ля хаты давёў, панабудаваў хлевушкоў, нават лазенку. Без памочнікаў, сам. I цесля і сталяр.
Ён і цяпер рабіў: стаяў пасярод сянец ля стала, на якім ляжала шкло, прымерваўся доўгай лінейкаю, трымаючы паміж пальцаў алмаз.
— Здароў, вечны тружанік! — прывеціў Сцяпан.
Той спадылба, праз бялявыя валасы, звешаныя на вочы, паглядзеў на госця, не адрываючы рук ад шкла і лінейкі, бадзёра, Сцяпану ў лад, адказаў:
— Прывет рабочаму класу!
Шаркнуў алмазам уздоўж лінейкі, пасунуў шкло на край стала, лёгенька разламаў напалам. Павярнуў другім бокам, зноў прыклаў лінейку, зноў шаркнуў — шкло хруснула, дзынкнула, вузкі пасак раўнютка адскочыў. I толькі цяпер Лёнік паклаў алмаз, падаў госцю руку.