Читать «Дзікі голуб: апавяданні» онлайн - страница 6

Вячаслаў Адамчык

На дварэ, калі мы выйшлі з хаты, стаяў белаваты і нерухомы, хоць ты разводзь яго рукамі, туман. Недзе рыкалі, нібы тапіліся ў ім, каровы. Мая стаяла каля Марцінавае хаты, тыцкаючыся пысаю ў град — нюхала. Яго нападала аж па костачкі, і ён шоргаў пад нагамі, як шоргае сцукраваны напрадвесні снег. З граду вытыркаліся сцябліны зломанае ў каленцах саломы — гэта там, дзе быў загон Марцінавага жыта.

Марцін у драўляных выдзеўбленых шлэбах з накарэлым на іх зеленаватым гноем пасунуўся да загона. За ім, абнюхваючы яго сляды, беглі сабакі. Марцін пастаяў перад жытам і, не скідаючы шапкі, моўчкі перахрысціўся.

— Хрысціцца, а святым духам жыць не будзе. Кавалак гультая. Цьфу! — Война плюнуў і адышоўся ад парога.— Усё тут аблатошыць, аб’есць, як вусень.

I Война пайшоў, гразнучы ў мокрым градзе, і ўжо крыкнуў, каб чуў Марцін:

— Ого, ліха яго матары, пячэ як прыскам!

Ён пастаяў на адной назе, падгінаючы другую, як бусел, і сказаў яшчэ:

— Пайду гляну, што там робіцца ў мяне.

I пайшоў, схаваўся, як за якою сцяною, за туманам.

Я адагнаў ад сцяны карову. Яна падняла вушы і пабегла на дарогу, кіруючыся дадому — там яе чакала кожны раз радзюжка зелля.

— А куды ж ты? — аклікнуў мяне Марцін.— Крый бог, прастудзішся...— і падышоў да мяне, сунучы шлэбы: яны звальваліся ў яго з ног.—На, вазьмі, заўтра прынясеш.— Ён выступіўся з іх і адышоўся пад сцяну — там зелянела сухая трава.

Я ўсунуў ногі ў шлэбы, усё роўна што ў пячоркі — нагрэў Марцін.

З акна, уткнуўшыся ў шыбы і расплюшчыўшы насы, на мяне глядзелі яго дзеці, і да самае дарогі бег чорны, з жоўтымі кропкамі пад вачыма і тыцкаўся ў маю руку сабака, пакуль яго не паклікаў Марцін:

— Цю-цю-на, цю-цю-на...

— Баба, у руж’ё! — гукнуў чалавек у суконным фрэнчы.

Дзябёлая, шырокая ў крыжы кабета, паднялася з месца і, чапляючыся капачом за сядзенні, вылезла з аўтобуса.

А я глядзеў на чалавека ў суконным фрэнчы — ён пусціў з рук сучачку, і яна дробна бегала па канаве — і думаў, што ёсць на свеце дзіўнаватыя людзі, нездароўча чулыя да ўсяго і толькі, мусіць, нядбайныя да сябе.

Аўтобус тузануўся, з перабоямі і натугай загуў матор — мы паехалі; чалавек і кабета хаваліся з вачэй. Аўтобус выбраўся на грудок, мінаючы з боку шашы могілкі з трыма хвоечкамі — на камлях высока не было галля, нібы хто сашмаргнуў яго вялікаю рукою, пакінуўшы толькі макаўкі.

Шафёр скінуў газ, і аўтобус ціхенька, дзе часам падскокваючы на ямках і бразгаючы жалезным нутром, пакаціўся ў лагчыну і раптам затрубіў, сцішаючы ход: сярод шашы стаялі спутаныя коні, адзін на аднаго паклаўшы шыі. Было Кашалева — дадому асталося кіламетраў дванаццаць. На нечым хлеўчыку ляжалі доўгія і рабаватыя, як парасяты, гарбузы. На акне цвіў высокі, што куст, агеньчык — і нейкая чырвоная радасць была ад яго. Голы да пояса хлопец, што правіў ганак — прыбіваў з аднаго боку белую абструганую дошку,— аглянуўся, згледзеў коней і, кінуўшы сякеру, падбег да шашы, замахаў абедзвюма рукамі, як ганяючы курэй: коні, задзіраючы галовы і збіваючыся адзін на аднаго, сышлі ў канаву. I аўтобус зноў нехаця завуркатаў: зноў быў грудок, была відаць вёска, уся, як на далоні, і за ёю — пад цёмны, завешаны рэдзенькаю сінечаю лес — доўгія будынкі, кароўнікі ці стайні, над імі громаадводы з растапыранымі лапкамі на вяршку, як што шчупаюць угары, і над вёскаю, высока ў небе, пад белаватаю набрынялаю хмаркаю трапечуцца і ўсё вісяць на адным месцы два галубы. I мне зноў спамянулася тое лета, што было даўно, град, што пабіў на маладым алешніку кару — яна нават адстала на камлях з таго боку, адкуль ішла хмара. Спомніўся Марцінаў хутар і дзікі голуб...