Читать «Дзікі голуб: апавяданні» онлайн - страница 89

Вячаслаў Адамчык

— Ваш талон,— спытала яна, працягнуўшы руку да кабеты, але ўзіраючыся не на яе, а недзе ў акно.

Кабета ні то не пачула, ні то не разабралася, што да яе гавораць, усё гэтаксама нерухома сядзела, угнуўшыся і варушачы заверчаным пальцам.

Маладое дзяўчо насупілася і спытала зноў, і ўжо цвёрда.

I мне, як і гэтаму, мусіць, дзяўчаці, што раптам сцялася, пачало здавацца, што кабета скажа нешта нядобрае, злое, скажа хрыпаватым тоўстым голасам, якім, бывае, гавораць старыя мужчыны, курцы.

Кабета падняла свой чырвоны, сцяты як ад злосці, нязычлівасці твар з шырокім носам, і я ўбачыў яе рудыя, трохі зеленаватыя выцвілыя вочы і здзівіўся, што яны былі такія самыя, як у маёй мацеры.

— А мае вы дзеткі, я ж давала гэтыя дваццаць капеек.

Голас у кабеты быў маладжавы, мяккі, сакаўны, і было нешта ласкавае, зычлівае ў гэтым голасе. I ён быў таксама падобны да голасу маёй мацеры.

З твару ў дзяўчаці збегла цвёрдасць, нейкае спалоханае дзіва бліснула ў яе вачах, дзяўчына адступілася ад кабеты і пайшла ўжо сюды, да нас. А недзе ззаду ў тралейбусе пачалі крычаць, што даўно ходзяць па руках нечыя талоны і чаму гэта ніхто не прызнаецца.

А мяне спярша, як і гэтае вёрткае дзяўчо, ўзяло дзіва, а потым на сподзе душы заварушылася нейкая брыдкасць, схапіў нейкі сорам, я чуў бог ведае якую віну сам перад сабою за ўсё маё благое, што я думаў пра гэтую кабету.

Мне пара было выходзіць, і падняўся з сядзення, усё ўзіраючыся на кабету ў выцвілым сінім бушлаце з жоўтымі бляшанымі гузікамі, на яе твар, і мне пачало здавацца, што гэты непрыгожы, трохі пляскаты твар раптам змяніўся, бо мне помніўся ўсё яе голас, мяккі, ціхі, як голас у мае маці.

Я выйшаў з тралейбуса і сунуўся праз людскі вір на вуліцы. Не, тады, мусіць, была ранняя вясна, пагодны дзень, сонца, сухі, падсушаны вастраватым ветрам тратуар. Я думаў пра гэтую кабету, усё стараючыся ўгадаць — хто яна, і, невядома чаму, мне раптам здалося, што яна тая нешчаслівая маці, у якое з вайны не вярнуліся дзеці: іх даўно няма на свеце, а яна ўсё жыве, просячы ў бога смерці.

Я перабіраў у памяці ўсё, што калі чуў ці ведаў пра мацярок.

I чым болей я думаў пра гэтую кабету, тым выразней бачыў, што з твару яна была падобна на маю маці, і голасам, і паставай, і гэтым заверчаным у белы лапік, як парэзаным на жніве, пальцам.

Заўвагі

1

БНС — так званая беларуская народная самапомач; нацыяналістычная арганізацыя, якая дапамагае фашыстам.

2

Тарціярка — непадстрыжаная манашка, багамолка.

3

Лекавая трава, купальнік.