Читать «Дзікі голуб: апавяданні» онлайн - страница 7

Вячаслаў Адамчык

Я знайшоў іх аж два. Назаўтра мы прыгналі каровы на местачковы поплаў — там хадзіў, звесіўшы крыло, падбіты ў град бусел. Адно вока ў яго было заплюшчана і ў крыві. У рукі ён не даваўся — біў, ляскаючы, дзюбай — і местачковыя дзеці паролі яго доўгімі кіямі здалёк, аж мне зрабілася шкода, і я адышоўся, каб не бачыць, і натрапіў на гэтых галубоў. Яны ляжалі ў лагчынцы з вадою — адзін трохі на купінцы, на сушэйшым. Я падняў абодвух: той, што ляжаў у вадзе, быў ужо спруцянелы і халодны — галава ў яго целяпалася; у другога на воку яшчэ моргала сінявата-белая плевачка — у ім яшчэ тлела цяпло. Я паклаў голуба ў шапку: ён высах, акрыяў і пачаў варушыцца. Местачковыя дзеці заглядалі ў маю шапку і казалі, што гэта іхні, з мястэчка. Але на поплаў прыйшоў Марцін праганяць дзяцей ад бусла, выняў у мяне з шапкі голуба, пагладзіў яго і спытаў:

— Можа аддасі?..

Я маўчаў — аддаваць не хацелася.

— У мяне ёсцека клетка... Падлячу,— тады забярэш.

Я не хацеў, але паверыў. I праўда, праз тыдняў колькі, прыгнаўшы на сваю дзялку карову, я ўбачыў, што Марцін, стоячы на надворку, махае рукою — кліча мяне.

Я падышоў пад хату. Да мяне кінуліся, віляючы хвастамі, яго сабакі. Марцін маргнуў вачыма, пайшоў у сені і вярнуўся адтуль, трымаючы абедзвюма рукамі голуба. Голуб круціў галавою, выцягваючы шыю — на ёй сіняватай чырванню пералівалася пер’е. У Марціна варушылася, дрыжала ад радасці ніжняя губа. Ён пагладзіў голуба і падняў яго на далоні — схіліўшы набок галаву, голуб глядзеў на зямлю, мусіць, яшчэ не верачы, што ён ужо вольны. Сабакі, высалапіўшы языкі, цікавалі то на голуба, то на Марціна. Голуб прыгнуўся, натужыўся і, здаецца, няўмысна, спадцішка залапатаў крыллямі і паляцеў — нізка, пры зямлі і неяк улукаткі, як малады, як не навучыўся лётаць. Сабакі кінуліся за ім, падскокваючы ўгору і дзеручы ад злосці зямлю.

Я глядзеў на шэры знак, што варушыўся, мільгаў, пераварочваючыся, над поплавам, над алешнікам пад мястэчкам, аж пачало ўсё кружыцца і мігцець у вачах. Знак растаў, расплыўся на шэрай хмарцы, і ў мяне нешта як адарвалася ў грудзях.

— Як усё любіць волю,— сказаў Марцін, тручы вочы: яму, мусіць, таксама заслязіла. Адышоўся пад хату, аглянуўся і спытаў яшчэ: — Шкада, нябось, га?

...Праз многа год, спамінаючы выпадкам гэтае далёкае лета, град, Марцінаў хутар, я заўсёды спамінаю гэты міг, гэтую хвілю, калі нізка над демнавата-зялёным, аж да чарнаты алешнікам ляцеў дзікі голуб, трапятаўся, нібы паперка на ветры, прападаючы назаўсёды з вачэй.