Читать «Дзікі голуб: апавяданні» онлайн - страница 5

Вячаслаў Адамчык

Я дабег да Марцінавай хаты і стаў пад страху: па сцяне грукацеў, нібы перавярнулі воз з каменнямі, сіняваты, што выліты са шкла, град. За вуглом стагнаў, аціхаючы, нібы клаўся там спаць, а потым тоненька скавытаў, як што яго раздзірала вялікімі кіпцюрамі, і недзе ляцеў, бэрсаўся са страшэнным свістам вецер.

Карова, панурыўшыся, стаяла пад страхою і тулілася задам да сцяны — яе даставаў град.

У Марцінавых сенцах нешта шкраблося па дзвярах, дзынкала клямкай — мусіць, яе лапамі даставалі сабакі; і раптам дзверы адчыніліся, аж я струпянеў — з сенцаў выткнуў галаву Марцін Дзікуць:

— Ідзі ў хату, страшна ж адному?..

Адганяючы сабак, Марцін упусціў мяне ў сенцы. Паклаў на маю шыю сваю руку — яна была цеплаватая і шорсткая, як тарка,— і падштурхнуў у хату.

— Ідзі, ідзі, не бойся...

У хаце яшчэ стаяла сухаватая, напараная сонцам духата і было цемнавата. I з гэтай цемнаты, з ложка на мяне цікавалі Марцінавы дзеці — вочы іх сцішана блішчалі. На калодзе сярод хаты сядзеў Клемус Война — сагнуўшыся, раскарачыўшы высокія калені; босыя ногі яго былі шырокія, як лапці. Ён маўчком, не паднімаючы галавы, зірнуў на мяне, і ў яго апечанай, з белымі лішаямі руцэ я ўбачыў бізун — той самы, з плеценым дзяржальнем і чырвонымі кутасамі.

— Гузоў не насадзіў, кажу, град? — спытаў Марцін, прымошчваючыся каленьмі на лаву і ўзіраючыся ў акно.

Я толькі цяпер учуў, як у мяне шчыміць, расце, сцягваючы на галаве скуру і, здаецца, паднімаючы шапку, гуз.

— Нічога, пакуль жаніцца — загавіцца! — сказаў Клемус Война і раскруціў доўгі бізун.— Тут во — без хлеба астанёмся. Малоціць як цапамі, саб’е ўсё.

— Не грашы,— ціха сказаў Марцін і ссунуўся з лавы,— ты жыта нажаў.

— А ты што — лічыш чужое? — Война падняўся з калоды — цёмны, як хмара, высокі, аж дастаючы галавою да бэлькі.

Марцін стаяў каля яго дробненькі, быдта дзіця.

Востра і пякуча кальнула ў вочы маланка — недзе блізка, з ляскам, як у камень, стрэліў пярун, потым з грукатам пачало ламацца неба.

Марцін скоранька і тройчы перахрысціўся.

— Ты, брат, як маленькі...— зарагатаў, але адышоўся ад акна Клемус Война: зноў мільганула і, здаецца, зашыпела за акном маланка.

А па сцяне ўсё цвёрда грукацеў град.

На гарышчы нешта трашчала — ці не кроквы — і ў коміне грукалася юшка і жаласна, тоненька выў вецер — нібы хто залез на страху, усадзіў у комін галаву і страшыць.

Ужо замакрэлася над ложкам столь — пачалі налівацца і, расцягваючыся, падаць кроплі вады і потым тоненька задзынкалі — дзеці прынеслі і падставілі чыгунок.

Град зашоргаў па шкле — вецер павярнуў у вокны, хмара варочалася назад. Па рамах білі, як палкаю, і раптам, як незнарок, патрапілі па шкле — шыба прутка лускнула,— на лаву, суха звонячы, пасыпалася шкло: нібы ў прорву хлынуў і холадам заліў хату вецер.

Марцін схапіў з ложка падушку і, трымаючы яе за адзін рог, падбег да акна і заткнуў шыбу.

Але град ужо радзеў, толькі са страхі густа, быццам хто, абмыўшы, яшчэ апалоскваў яе, чуваць было, лілася вада.