Читать «Дзікі голуб: апавяданні» онлайн - страница 4

Вячаслаў Адамчык

Я пасвіў тады на ржышчы карову, пільнуючыся, каб яна не ўскочыла ў Войнаву канюшыну, што ўжо густа закучаравілася на пакошы маладою атаваю: на другі бок нашае "дзялкі" было поле Клемуса Войны.

Клемуса я пабойваўся, бо аднаго разу, калі мая карова сцягнула з яго мэндля сноп-шапку, невядома адкуль узяўся гаспадар, трымаючы ў руцэ бізун з чорным плеценым дзяржальнем і чырвонымі кутасамі. Я гэта ўбачыў потым, а спярша ўчуў, як нешта раптоўна, нібы лінулі кіпятку, апякло маю шыю, потым плячо — на ім нешта з тыдзень не сходзіла, наліваючыся, што жоўцю, сінявата-цёмная пісяга.

Клемуса Войну недалюблівалі ўсе: у часе вайны ён загадваў бэнээсаўскім складам, куды немцы звозілі яўрэйскае рыззё, і, казалі, набраўся золата. Не ведаю, праўда гэта ці не, але што ён неяк адразу пасля вайны прынёс дадому грама д фон — помню: кожнае нядзелі Клемус Война адчыняў акно, закідваў на вяровачку край фіранкі і заводзіў грамафон — мы, дзеці, сабраўшыся на вуліцы, бачылі толькі карычневую трубу, што вялікую засохлую кветку.

Седзячы на мяжы, я назіркам паглядаў на карову і пароў чмялёў — яны, вялікія, чорныя, з жоўтымі паскамі, ляцелі сюды і лезлі ў норку пад чубком сухаватае травы: пад мяжою было іхняе гняздо.

Я падняў галаву і ўбачыў: над мястэчкам стаяла цёмная хмара з папяловымі краямі — кругом зрабілася сцішана і жаўтавата, як на шарай гадзіне, і стаяла духата, як накінулі на цэлы свет радзюжку. Хмара, варочаючыся клубкамі, ішла сюды, проці ветру: над мястэчкам каля шашы ўставалі аж да неба жоўтыя косы пылу. Я ведаў, што папяловая хмара — на град. Раптам вецер сціх, зрабілася страшна — са сполаху цвыркнуў і нізка паляцеў над полем жаваранак. Косы жоўтага пылу пацягнуліся на поплаў, і нечакана дыхнула скразняком і холадам, аж палягчэла. Карова падняла галаву і стала трывожна нюхаць вецер. Рэдка, нібыта і не хацеў, пасыпаўся град. Буйныя, велічынёю з арэх, калівы граду зашасталі па сухім іржышчы, заскакалі па сцежцы, нібы хто кідаў іх, забаўляючыся. Карова згорбіла спіну, закруціла галавою — па вушах яе, мусіць, сек град — і пабегла пад Марцінаву хату. Туды, пад хату, бегла і Дзікуцёва дачка — вецер сарваў з яе галавы і панёс па полі белую хустку.

Хмара ішла пры самай зямлі — там нешта шумела, гуло, як гарачыя каменні ў дзежцы з вадою. Ужо не было відаць местачковых хат, алешніку на поплаве — там стаяла шэра-жоўтая сцяна. Толькі два галубы, кідаючыся ў бакі, ляцелі туды, дзе яшчэ, як радасць, сярод цёмных хмар яснела неба.

Холадам у мяне па спіне прабег страх — я кінуўся пад Марцінаву хату, а за мною вецер каціў па ржышчы бярэма скошанага гароху.

А там, пад мястэчкам, над поплавам грымела, раўло, нібы ламалася і падала на зямлю вялікімі крыгамі неба. Мне зрабілася страшна: я ўспомніў — казала маці,— што калі на зямлю ўпадзе хмара, то на тым месцы паўстане мора.

Град пабольшаў. Ён моцна сек мне па костачках, па пятах, і раптам па галаве востра трупнула, і было чуваць, як адскочыла вялікая, з курынае яйцо, градзіна — я аж спатыкнуўся і адчуў, як на галаве пякучай гарачынёю наліваецца гуз.