Читать «Дзікі голуб: апавяданні» онлайн - страница 2

Вячаслаў Адамчык

— Сцішылася, як дзіцятко,— кажа нейкая маладзіца ў плюшавым сачыку, прыглядаючыся да сучачкі.

А мне пачынае здавацца, што я недзе бачыў гэтую маладзіцу, гэты чырванаваты круглы твар і нават помню яе голас. Толькі дзе, калі? I не магу ўспомніць...

— Балазе знайшоў сабе забаўку,— усё скоса паглядае на свайго чалавека дзябёлая бялявая кабета з кошыкам і капачамі.

Чалавек адварочваецца, як не да яго гавораць, і маўчыць. Сучачка дрэмле ў яго на каленях і раптам палахліва ўздрыгвае, адкрываючы вочы, і пільна глядзіць на маладзіцу ў плюшавым сачыку.

Я прыглядаюся да чалавека ў суконным фрэнчы: твар у яго дробны, худы і трохі васпаваты і нейкія хітрыя, быстрыя вочкі — і думаю, што ён рыхтык, як той Марцін Дзікуць з нашае вёскі, і, мусіць, гэтакі трохі махляр, і добры гультай, і такі самы бяскрыўдны.

Чалавек як чуе, што я думаю пра яго, і пільна азіраецца. Я адварочваюся да акна і гляджу на белавата-шэры апаласканы дажджамі папар, на цёмны, карычняваты лапік нявырванае грэчкі,— ужо кончыўся горад,— на балотца з маладою атаваю, на разасланы лён, дзе цэлаю плоймаю топчуцца гракі, на сароку, што ляціць пад нечую зводдаль шашы хату, і думаю, што я не люблю гэтае пары, калі на сметнікі прылятае сарока — знак, што скора халады, а з памяці ўсё не сходзіць Марцін Дзікуць. Помню: рабаваты, чорны, з-пад шапкі вылезлі і вісяць на вушах касмылі. Згадалася яго смерць, страшная, нечалавечая смерць...

З ім у вёсцы ніхто інакш не вітаўся, як пытаў здалёк: "Марцін, сечку жнуць?" Найбольш смяяліся тады, калі збіралася многа мужчын перад святам у каго-небудзь на падворку і Марцін прыносіў сваю аблупленую, шчарбатую машынку, каб падстрыгаць усіх. Машынка, мусіць, ірвала валасы, бо хто-небудзь, седзячы на скрыпучым табурэце з хусткаю на плячах, спачатку моршчыўся, а потым крычаў: "Марцін, сечку жнуць... тваю матары, валасэ павырывоў!"

Гэта некалі яшчэ, мусіць малым, Марцін пайшоў на сяло, а там у яго спыталі, што робяць маці з бацькам. "Сечку жнуць",— сказаў Марцін (яны, мусіць, рэзалі сечку), і з таго дня за ім цягнуўся гэты хвост і кожны тузаў...

З Марціна смяяліся ўсе — і ён, папраўдзе, быў трохі нягеглы і негаспадарскі чалавек. Невядома дзеля чаго трымаў трое сабак. Зямля на Марцінавым хутары колькі год ляжала аблогам, і на ёй ужо займаўся ядловец, і рос сівец, і дзе-нідзе цвіла жоўтымі калівамі дзіванна — яна любіць песчугу і сонца. Кожнае вясны Марцін падпальваў сухую траву, нізка па зямлі бег агонь, сіні дым пах ядлаўцовымі ягадамі, як у царкве. Толькі каля самае хаты зелянеў загон позняга жыта і цвіла ліловым цветам картопля-варшаўка — рана, наша толькі ўсходзіла.