Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 51

Вячаслаў Адамчык

— Палатна, праўда, у яго няма, а сядло, кажуць, з Дварчан прывалок.

— Якое сядло? — сумеўся Корсак.

— Вайсковае,— нарэшце высунуў на трапяткое святло свой курносы твар Жэнік Рэпка.— I не адно... З аднаго боты пашыў.

— Ах во як. Боты, кажаш?..— Корсак крутнуўся да лавы, там ляжала сякера, ён прыкладаў надоечы яе да галавы, каб сцягнула насечаны казацкаю нагайкаю гуз,— і шаргануў да сябе, падымаючы за гарбаватае тапарышча.— Я пакажу табе сядло і боты! Я пакажу...

— Ты что, отец? — убачыўшы ў Корсакавых руках сякеру, адступіўся, але пачаў машынальна хватацца за кабуру той, што быў у шынялі: — Брось, не балуй!

— А мне не да забаўкі, і няхай выйдзе з хаты!

У Жэніка Рэпкі ўздрыгнулі пухлаватыя губы, і вочы, бліснуўшы бялкамі, раз’юшана вырачыліся, зубы хрустка скрыганулі:

— Ды я цябе!..

— Тут ужо так: альбо ты мяне, альбо я цябе,— Корсак звярэючы і, мусіць, ужо адыходзячы ад памяці, паказаў сякераю на дзверы: — Выйдзі з хаты, брыда!

Жэнік Рэпка мацюкнуўся, плюнуў і, круцячы наравіста галавою, пераступіў парог, не зачыняючы дзвярэй, з грозьбаю выціснуў:

— Мы яшчэ стрэнемся, як гаворыцца, на вузенькай...

— Страху вялікага няма. А ўжо не баюся ні просьбы, ні грозьбы твае,— Корсак падышоў да лавы і неяк навотліў, размахнуўшы, пусціў з грукатам пад яе сякеру і павярнуўся да гэтых двух, што асталіся ў хаце: — Сёдлаў я ніякіх не браў. Нідзе і ні ў кога.

— На первый раз поверим,— нарэшце аказаўся трэці, сухарлявы і хваравіты з твару, нібы сухотны, што дагэтуль маўчаў, падазрона і цярпліва стрымліваючы злосць.

З хаты яны выйшлі, тоячы ў душы нешта помслівае і нядобрае. Корсак гэта распазнаў па грукаце дзвярэй, што стукнуліся ў вушак, дзынкнуўшы клямкай, і адскочылі назад. Ад іх дзьмухнуў тугі скразняк, злізаў на шкляным пухірку газоўкі ледзьве жывы, траскучы агоньчык, і на Корсака, як цяжкая глыба, як стромы, падкопаны бераг, упала цемната. Ён стаяў, аглушаны гэтаю мігатліваю цеменню, і яго трасла, калаціла неўтаймаваная крыўда, спадыспаду душы высачылася адчуванне,— здаецца, першы раз такое, што яе, гэтай страшнай вайны, з чалавечай помстай, несправядлівасцю, смерцю, адчаем і адзінотай ён, Корсак, не перажыве.

Ён зажмурыў бясслёзныя вочы і ўчуў, як яны пякуць прыступам новага жалю да сябе. Яму ўжо думалася, што свет так нечакана за кожным разам больш балюча і крыўдна чужэе для яго і ён сам чужэе для гэтага свету.

VII

Дварчанскі рынак, ці, як казалі яшчэ па-даўнейшаму, кірмаш, дзе таўкліся адзін адному ненавісныя местачковыя гандляры з сахарынай, дражджамі, моцнымі, як атрута, нямецкімі цыгарамі, рознакаляровымі на палачках пеўнікамі, смярдзючай, бо дабаўлялі ў брагу курынага памёту, прыхованай самагонкай і рознымі, найбольш яўрэйскімі, нарабаванымі падношанымі трантамі, кіпеў цяпер у канцы галоўнай вуліцы.

Як-ніяк усё ж бліжай да цэнтра мястэчка і далей ад паліцыі, што сядзела ў пачарнелым недагледжаным Суліным доме і сінагозе, круга якой з леташняй восені падняўся цагляны, атынкованы мур.