Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 53

Вячаслаў Адамчык

Іх чацвёра п’яных, дужых мужчын, змовіўшыся, затаіліся на бруднай з скарынкай лядку сцежцы між штабялёў старых шпал. Яны чакалі, вядома, маладзіц, а трапілася ім чатырнаццацігадовае дзяўчо — дачка акалотачнага майстра, што з’явіўся тут у Дварчанах яшчэ перад вайною, прыехаўшы аднекуль з Цэнтральнай Польшчы і пасяліўшыся ў драўляным дамку пры самай чыгунцы. Далікатны, абыходлівы з людзьмі і відны сабою мужчына поруч з худою, чарняваю з касматымі нагамі, жонкаю выклікаў у старонніх людзей нейкую заўсёды непрытоеную спагаду.

Дзве іхнія дачкі — адна чатырнаццаці, другая сямі гадкоў — былі падобныя да бацькі: курносыя, з чыстымі бялявымі тваркамі, і заўсёды дагледжаныя, выпешчаныя і прыбраныя, як знарок, на бяду. Большая з іх у бурай, вязанай з ангорскага пуху шапачцы, з доўгімі, завязанымі пад бародкай вушамі, у караткаватым бежавым палітцо, з якога прыкметна вырасла, выдаючы ўжо на рослую не па гадах дзяўчыну, варочалася якраз са школы...

Дзяўча агледзілі ўжо беспрытомным недалёка ад гэтай ледзяной сцежкі...

I бабы з блізкіх ад чыгуначнай станцыі завулкаў кінуліся з плачом і гвалтам адны — да акалотачнага майстра, другія — у недалёкі адсюль паліцэйскі ўчастак.

Адзін з гэтых чатырох, не ўспеўшы ўцячы, здурэлы ад атрутнага самагону, ракам поўзаў яшчэ тут за штабялямі шпал.

Камендант паліцыі, выцягнуўшы з кабуры «вальтэр», чарпануў ботам п’янага, але тут якраз надарыўся афіцэр з орсткамендатуры, спыніўшы на шашы свой шары, заўсёды адкрыты «Фіят». Немец загадаў каменданту даставіць п’янага да эшалона і далажыць пра ўсё старшаму ронаўскаму начальству. На гэтым усё і скончылася.

Сёння адзін з тых чатырох, як пазналі дварчанскія кабеты, з’явіўся на рынку. З ім быў яшчэ адзін — высокі, з вогненна-рыжымі валасамі, што тырчалі з-пад пілоткі, з плямістым ад рабаціння тварам і, здаецца, менш п’яны.

Міця падышоў да гаманлівага рынку якраз тады, калі гэтыя двое, злосна крывячы кісла-п’яныя губы і сутаргава пацёпваючы плечукамі, прыставалі да старэнькага сутулага дзядка з падагнутымі каленьмі і ўпалымі, зарослымі сівай шчацінай шчокамі:

— Чё искоса смотришь? Партизан, гад? Мать...

— Вялікі гонар на цябе глядзець. Раскараку,— адступіўся дзядок, моргаючы сваімі чырванавата-слязлівымі вачмі і трымаючы ў абедзвюх руках зеленаваты лазовы кошык з вечкам, у якім, пэўна, ляжала ў мякіне ці грэцкай лусцэ капа яец.

— Чё он сказал? — азірнуўся кругом сябе высокі, папраўляючы на рыжавата-вогненнай галаве чубатую пілотку.