Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 50

Вячаслаў Адамчык

«Хто ж та поначы ездзіць?» — Корсак захіліўся ад ветру, што дзьмуў з-за вугла, прыпёрся плячмі да сцяны, пастаяў у адзінокім смутку і вярнуўся ў хату.

Заснуць ужо не мог. Варочаўся з боку на бок, не ведаючы, куды дзецца ад месяца, што пачаў чырванець, спускаючыся да страхі чужое хаты і льючы Корсаку на вочы неадчэпнае, надакучлівае святло. Нарэшце месяц пачаў меркнуць і хавацца за комін суседняй Жытковай хаты. I Корсака, што выбіўся з сіл, перадумваўшы свае аднастайна-горкія думкі пра Міцю, пачаў нарэшце марыць сон. Перад вачыма выплыў хмуры дзень, нейкая хата, не то яго — Корсакава, не то не яго, сутокі, адгароджаныя новымі, прыбітымі на стаяка дошкамі. З далечыні гэтых сутокаў паказалася яго маладая Караліна і пачала нешта гаварыць і махаць рукою, падзываючы яго, Корсака, да сябе, але тут аднекуль з’явіўся Змітрык і першы кінуўся ў той далёкі кут да Караліны. Яны прапалі, зніклі ўпоцемку за дашчанай высокай сцяною, з моцным стукам зачыняючы дзверы.

Гэты стук, моцны і настойліва-ўладны, паўтарыўся. I Корсак нарэшце, выплываючы з дрымоты, разабраў, што стукаюць у яго дзверы.

— Хто там? — ён абмацаў нагамі шурпатыя, нефарбованыя дошкі падлогі.

— Открой, хозяин! Свои...— па-руску адазваліся на двары, і на белаватае акно наплыў калматы цень.

— Якія свае?

— Партизаны.

Корсак, не акрываючыся, выйшаў у сені, з звінючым шоргатам адсунуў засаўку і адчыніў дзверы.

У пройме іх, на пацямнелым, ужо без месячнага святла надворку стаялі трое, і пад нечымі нагамі недзе далей каля вугла востра пахрумстваў тонкі лядок. Там туліўся нехта чацвёрты. На вуліцы зафыркаў і зазвінеў цуглямі конь.

— Один в избе-то? — спытаў той, што стаяў бліжай да парога ў доўгім шынялі і вайсковай фуражцы з нізкай аселай туліяй.

— Адзін, каму ж яшчэ быць?

— А сынок дзе? — спыталі з-за чужых плячэй далей знадворку, і Корсак пазнаў голас Жэніка Рэпкі і ўжо зласнавата на гэты голас адказаў:

— Скуль мне знаць. Пайшоў недзе.

— Каля нямецкіх сметнікаў бегае. Хітруе ўсё.

— Ён мо такі самы хітры, як ты... Кажы, чаго прышоў? — Корсак памкнуўся з сяней туды на надворак, але яго лёгка за плячо падштурхнуў той, што быў у шынялі:

— Зайдем в дом.

У хату зайшлі ўсе трое, што былі навідавоку, загадаўшы Корсаку завесіць радзюжкаю вокны і запаліць лямпу.

Корсак запаліў газоўку, што стаяла на мурку печы, і яна зашыпела, сыплючы з вузкага агеньчыка траскучыя іскры,— у газе была соль.

Палахлівая яснасць захісталася ў хаце, асвятляючы твары трох начных гасцей. У старэйшага з іх, што быў у шынялі, шырокую вайсковую папругу трохі адцягвала вагкая кабура.

— Отец, нам полотнишка бы? Сколько можешь,— павярнуўся да Корсака высокі, у доўгім шынялі.

— Якое ж у мяне, удаўца, палатнішка, як вы кажаце,— Корсак і стаяў у сподняй бялізне сярод хаты, азіраючы то аднаго, то другога, бачыў, як баяўся яго вачэй і туліўся за высокага, пэўна, старшага над імі партызана ў доўгім, шчытна і спраўна падагнаным шынялі Жэнік Рэпка, азіраў цаўё аўтамата і драпаў нешта пазногцем на ім, нібы гэтым толькі і заняты быў.